У «Спіс экстрэмістаў» дадалі мазыранку Крысціну Чаранкову

Жорж Кунцэвіч 17.02.2023

>

Міністэрства унутраных спраў Беларусі 17 лютага ў чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі мазыранку Крысціну Чаранкову.

Крысціна Чаранкова была затрымана 22 сакавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы за некалькі пастоў у Instagram паводле ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці). 

Крысціна скончыла ўніверсітэт імя Ф. Скарыны ў Гомелі, выкладала ў школе ангельскую мову. Пасля вяселля пераехала з Рэчыцы ў Мазыр, дзе зрабілася індывідуальнай прадпрымальніцай і пачала займацца дэкарацыяй вяселляў. Разам з мужам любіла падарожнічаць па Беларусі і Украіне. Захапляецца панк-рокам і з'яўляецца вакалісткай постпанк-гурта VIKT(A)R xOI.

У гомельскім СІЗА-3 дзяўчыну паставілі на ўлік як "схільную да экстрэмізму".

10 лістапада ў Гомельскім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Крысціны. Паводле агучаных у судзе вынікаў экспертызы, заклікаў да гвалтоўных дзеянняў ейныя допісы не змяшчаюць, але ў іх ёсць негатыўная ацэнка супрацоўнікаў міліцыі. 16 лістапада 2022 г. суддзя Аляксей Хлышчанкоў прызнаў дзяўчыну вінаватай і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін два з паловай гады.

7 лютага 2023 г. у Вярхоўным судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітзняволенай. У выніку прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу без задавальнення. Хутка Крысціну этапуюць у калонію.