У Рэчыцы судзілі Шарэнду-Панасюк, але нешта пайшло не так…
Жорж Кунцэвіч
03.10.2023
>
У судзе Рэчыцкага раёна 2 кастрычніка пачалі разглядаць
чарговую крымінальную справу супраць палітзняволенай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк, асуджанай да трох гадоў калоніі.
Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка.
Жанчыну ўжо ў трэці раз абвінавачваюць у
"злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі" (ч. 2 арт. 411
Крымінальнага кодэкса).
Берасцейскую актывістку Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 і абвінавацілі па
некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 364 (гвалт у адносінах да
супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка
ўлады). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады
пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У канцы лютага 2022 года на палітзняволеную завялі
крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго
года калоніі.
7 красавіка мінулага года на выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі актывістку асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі.
Па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў
ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў
ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК.
Нядаўна Паліну накіравалі на экспертызу ў Рэспубліканскі
цэнтр псіхічнага здароўя "Навінкі". Але Паліна адмовілася ад экспертызы — яна не
размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама адмовілася
здаваць любыя віды аналізаў.
У выніку Паліну адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы.
Аднак на судзе 2 кастрычніка, Паліна заявіла пра збіццё ў
зарэчанскай калоніі: у яе моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. Па
ініцыятыве пракурора ў працэсе зрабілі перапынак да 9 кастрычніка.