У Мазыры збіраюць подпісы супраць вырубкі лесапарка дзеля будаўніцтва храма

Жорж Кунцэвіч 18.07.2022

>

Жыхары Мазыра актыўна абмяркоўваюць планы мясцовых уладаў аб будаўніцтве чарговага храма Маскоўскага патрыярхату. Справа не толькі ў тым, што царкву хочуць прысвяціць расейскаму военачальніку Аляксандру Неўскаму. Больш за ўсё гараджан турбуе тое, што дзеля будаўніцтва храма мяркуецца вырубіць частку лесапарка — папулярнага месца адпачынку.

Гаворка ідзе аб праекце, які мяркуецца рэалізаваць на вуліцы Катлаўца ў раёне гарадской лякарні — на тэрыторыі лесапарка «Маладзёжны». Адзначаецца, што мэтай праекта з'яўляецца «ўвекавечанне памяці святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага». Аднак многіх жыхароў Мазыра больш клапоціць не памяць пра расейскага героя, а магчымае знішчэнне зялёнай зоны, - піша "Флагшток".

«Храмаў у горадзе дастаткова, а лесапарк адзін, нас хочуць пазбавіць любімага месца для шпацыру», — хвалююцца ў сацсетках.

«Будзе як у Расеі: палова краіны — храмы, палова — крамы «Пяцёрачка», — мяркуе іншы мазыранін.

Улады абвясцілі грамадскае абмеркаванне праекта, якое працягнецца да 27 ліпеня. Адначасова мясцовыя жыхары збіраюць подпісы пад калектыўнай заявай да кіраўніцтва горада. У лісце гаворыцца аб тым, што варта вызначыць іншае месца для будаўніцтва храма, а лесапарк захаваць як рэкрэацыйную зону, а таксама развіваць яго як месца актыўнага адпачынку.

«Зручнае размяшчэнне лесапарка, пешаходныя і бегавыя маршруты, спартыўныя пляцоўкі, лыжныя трасы зрабілі яго любімым месцам актыўнага адпачынку гараджан», — гаворыцца ў калектыўным звароце.

Збор подпісаў пакуль працягваецца. Пісьмовыя заўвагі і прапановы можна таксама накіроўваць у Мазырскі райвыканкам на e-mail: oaismozyr@mail.gomel.by альбо звычайнай поштай. Заўвагі і прапановы абяцаюць разгледзець на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце.