Смярдзючы ЦКК ў Светлагорску аштрафавалі на мільён долараў, а светлагорцам што з таго?
Жорж Кунцэвіч
25.10.2023
>
Дзяржпрапаганда запэўнівае, што Светлагорскі цэлюлозна-кардонны
камбінат бяспечны для навакольнага асяроддзя. Гомельскі суд лічыць інакш.
Эканамічны суд Гомельскай вобласці 16 кастрычніка вынес
рашэнне аб спагнанні са Светлагорскага ЦКК 3 341 758 рублёў за шкоду прычыненую
навакольнаму асяроддзю. Памер устаноўленага штрафу прыкладна адпавядае выкіду ў
атмасфернае паветра прыкладна 1 тоны забруджвальных рэчываў найвышэйшага класа
небяспекі, піша "Флагшток".
Пра тое, што
Светлагорскі ЦКК шкодзіць навакольнаму асяроддзю жыхары горада і актывісты
казалі яшчэ ад моманту будаўніцтва заводу. Супраць
праекту, які рэалізоўвала кітайская кампанія і які быў будаваўся за кошт
кітайскіх крэдытаў, жыхары Светлагорска сабралі ў той час больш за 10 тысяч
подпісаў. Але да гэтых меркаванняў ніхто не прыслухаўся і ў 2017 годзе завод
распачаў працу. У той жа час жыхары гораду і навакольных вёсак пачалі
скардзіцца на смурод ад прадпрыемства і на праблемы са здароўем, якія ўзнікалі
ад такога суседства.
Цалкам завод увялі ў эксплуатацыю ў студзені 2020 года. А
30 ліпеня таго ж года здарылася першае надзвычайнае здарэнне са смяротным
зыходам – падчас рамонтных работ прарвала трубу з шчолачнай сумессю: адзін
будаўнік загінуў, другі атрымаў сурʼёзныя апёкі. 19 кастрычніка 2020 года адбыўся выбух
рэзервуара з
талавым алеем
–
адзін
рабочы загінуў.
7 чэрвеня 2023 года здарылася яшчэ больш страшная
трагедыя. У выніку ўспышкі газапаветранай сумесі загінулі работнікі 24, 31 і 42
гадоў, яшчэ два чалавекі атрымалі цялесныя пашкоджанні. Паводле звестак МНС,
абышлося без гарэння, былі пашкоджаныя металічныя ашалёўкі трох рэзервуараў, у
аднаго з якіх "парушылася цэласнасць".
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 302 КК
(парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на
выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах, альбо
правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ). Аб ходзе расследавання нічога не
паведамлялася. Сітуацыя на ЦКК пасля чэрвеньскага надзвычайнага здарэння была
ўзятая на кантроль органамі Мінпрыроды "з мэтай ацэнкі ўплыву таго, што
адбылося, на навакольнае асяроддзе".