Дзень Перамогі-2023: улада і грамадства жывуць па розныя бакі

Жорж Кунцэвич 23.05.2023

>

Адзін з нашых пастаянных чытачоў падзяліўся сваімі назіраннямі і ўражаннямі ад таго, як сёлета святкаваўся Дзень Перамогі ў адным з невялікіх райцэнтраў Беларусі. Публікуем вытрымкі з яго аповеду.

9 мая сёлета выпала не толькі на цёплае надвор'е, але і на чатыры запар выхадныя дні. Наш горад (*па меркаваннях бяспекі мы не называем лакацыю – заўв.) знаходзіўся пад польскай акупацыяй да верасня 1939 – га года, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны – пад нямецкай. Трэба сказаць, што свята Дня Перамогі за час кіравання рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з даты, калі людзі неслі кветкі да помнікаў з імёнамі сваіх продкаў, ператварылася ў ідэалагічную канструкцыю, у якой дзяржава прысвоіла дату 9 траўня сабе. Гэта найбольш прыкметна было да 2020 года, калі выразна складалася адчуванне, што 9 мая з'яўляецца святам не таму, што Савецкі Саюз перамог зло і Беларусь да гэтага датычная, а таму што Аляксандр Лукашэнка прымае парад і прамаўляе прамову.

У нашым горадзе на Дзень Перамогі сёлета адбывалася традыцыйная цырымонія ўскладання кадэтамі кветак да Вечнага агню ў скверы, затым афіцыйная частка мерапрыемства перанеслася на цэнтральную плошчу. У мінулыя гады каля плошчы вайскоўцы арганізоўвалі выставу тэхнікі, якую прывозілі з вайсковай часткі. Вайскоўцы, якія ўдзельнічаюць у ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў, арганізоўвалі палявую кухню пасярод выставы і кармілі жыхароў салдацкай кашай. Сёлета на адрэзку вуліцы ў паўкіламетра стаяў толькі адзін бронетранспарцёр і пажарная машына, у якую супрацоўнікі МНС падсаджвалі дзяцей і дапамагалі бацькамі іх фатаграфаваць.

Адметнай асаблівасцю Дня Перамогі - 2023 у нашым горадзе стала сціплае ўрачыстае шэсце па цэнтральнай вуліцы. У мінулыя гады шэсце шмат у чым складалася з прысутнасці на ім вайскоўцаў разам з ветэранамі. У гэтым жа годзе прайшлі некалькі дзясяткаў маладых вайскоўцаў, навучэнцы ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класаў з настаўнікамі, а таксама калона з партрэтамі загінуўшых на вайне колькасцю каля ста чалавек. Гэтая акцыя называецца Беларусь памятае.

Падыходзячы да цэнтра горада можна ўбачыць людзей па абодва бакі цэнтральнай вуліцы. Некалькі сотняў жыхароў для невялікага райцэнтра адсылаюць памяць да ўспамінаў лета 2020 года, калі ў горадзе збіралася вялікая колькасць жадаючых убачыцца са Святланай Ціханоўскай, якая прыязджала ў наш горад у рамках перадвыбарнай праграмы. Набліжаючыся да прысутных, становіцца прыкметнай адсутнасць АМАПу, на ахове грамадскага правапарадку задзейнічаны афіцэрскі склад мясцовага РАУС у параднай форме. Складваецца адчуванне, што міліцыянты ўсмешкамі і сяброўскімі поціскамі рукі са сваімі знаёмымі гараджанамі імкнуцца падтрымліваць атмасферу свята. На пінжаках у мужчын можна ўбачыць стужачкі чырвона-зялёнага колеру з яблыневым кветкай. Гэта тыя, каго на прадпрыемствах папрасілі паўдзельнічаць у афіцыйнай частцы мерапрыемства кіраўнікі працоўных калектываў. Асноўную частку прысутных складаюць людзі ў парадных касцюмах і сукенках, з дзелавымі прычоскамі – гэта прадстаўнікі мясцовай прэзідэнцкай вертыкалі ўлады з членамі выканкама і метадыстамі аддзела адукацыі. Назіраючы ў натоўпе за тымі, хто ішоў па цэнтральнай вуліцы горада ў шэсці «Беларусь памятае», ловіш сябе на думцы, што ўсё, што адбываецца носіць пастановачны характар. Мясцовая ўлада ў добраахвотна-прымусовым парадку абавязала прысутнічаць на мерапрыемстве навучэнцаў дзясятых і адзінаццатых класаў разам з класнымі кіраўнікамі.

Навучэнцы дзесятых і адзінаццатых класаў у большай частцы вымушаныя прысутнічаць на мерапрыемстве, паколькі ад адміністрацыі школы залежыць характарыстыка выпускніка для паступлення ва ўніверсітэт.

На моманце, калі заканчваецца акцыя Беларусь памятае", улоўліваюцца ноткі хаатычнасці ўсяго таго, што адбываецца. На сцэне, выстаўленай на цэнтральнай плошчы, выступае спачатку старшыня раённага выканаўчага камітэта, затым яшчэ адзін прадстаўнік вертыкалі ўлады, супрацоўнік навуковага інстытута, кіраўнік ветэранскай арганізацыі, які па сумяшчальніцтве займае пасаду памочніка дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Усе яны ўрачыста віншуюць, заклікаюць захаваць сённяшні дабрабыт нягледзячы на неспакойную абстаноўку ля нашых межаў. Пры гэтым ім ніхто не пляскае ў ладкі, не выказвае падтрымкі іх прамовы. Удзельнікі святкавання  адразу ж пасля шэсця спешна дэмантуюць ламінаваныя выявы ад квадратных палак, на якіх трымаліся партрэты загінулых на вайне. Хтосьці выносіць гэтыя сімвалы перамогі ў пакетах, тыя, хто сабраўся з каляскамі на свята, кладуць гэтыя палкі з партрэтамі на дзіцячыя калыскі і ідуць у бок магазінаў і гарадскога парку. Удзельнікі шэсця нядбайна скручваюць дзяржаўныя сцягі, валяючы чырвона-зялёныя палотнішчы па зямлі, як быццам за апошнія два гады нікога не судзілі за здзек над дзяржаўным сцягам...

Людзі, якія сабраліся, не гараць жаданнем заставацца на свяце. Калі раней на Дзень Перамогі цэнтр горада напаўняўся шматлікімі забаўляльнымі ўстаноўкамі для дзяцей у выглядзе батутаў, намётаў з салодкай ватай і рознымі захапленнямі, то цяпер такога багацця прыватнай ініцыятывы няма. Прадпрымальныя грамадзяне, якія раней трымалі невялікі бізнэс, эмігравалі. У цэнтры горада стаіць некалькі намётаў "райпо", дзе можна набыць ежу, напоі і шашлыкі. Вялікіх чэргаў у гэтыя палаткі няма, як і да столікаў, дзе прадаюць рамесныя тавары. У палаткі, дзе прадаюцца дзіцячыя паветраныя шарыкі, чарга з тых, хто сабраўся хутка растае, калі бацькі, якія прыйшлі з дзецьмі, даведаюцца кошт фальгіраваны шарыка – 20 рублёў, хутка адыходзяць не робячы пакупкі.

Людзей, якія па сваёй волі носяць дзяржаўныя сцягі, практычна няма. А людзей, якія раздаюць невялікія чырвона-зялёныя сцяжкі бясплатна, імкнуцца абыходзіць бокам нават дзеці.