Украінскія памежнікі: Расія вывела свае войскі з Беларусі

Цімур Казачэнка 01.11.2023

>

Сітуацыя на мяжы Украіны з Беларуссю цалкам кантраляваная, пасля ратацыі сваіх войск Расія не ўводзіла новыя падраздзяленні на беларускую тэрыторыю. Пра гэта 31 кастрычніка заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

«Сітуацыя на мяжы з Рэспублікай Беларусь цалкам кантраляваная. Мы не адзначаем перамяшчэння асабовага складу і тэхнікі паблізу нашай мяжы. Усё (навучанне войск – рэд.) праходзіць на палігонах. Мы актыўна адсочваем сітуацыю, аналізуем, наколькі яна можа ўяўляць пагрозу. Дадам, што Расійская Федэрацыя ў рамках ратацыі вывела з тэрыторыі Беларусі ўсе свае падраздзяленні і не ўводзіла новыя», – сказаў прэс-сакратар.

Па словах Андрэя Дземчанкі, у Беларусі па-ранейшаму застаецца пэўная колькасць расейскіх вайскоўцаў, але гэта ў асноўным абслуговы персанал тых расійскіх вайсковых тэхнічных сродкаў, якія яшчэ засталіся ў Беларусі.

«Што тычыцца знаходжання расійскіх наймітаў, то гэта невялікая лічба – па нашых дадзеных, менш за тысячу чалавек», – сказаў А. Дземчанка (верагодна, гаворка ідзе пра наймітаў былой ПВК «Вагнер»).

Аб гэтым прадстаўнік украінскай памежнай службы заявіў у эфіры тэлемарафона «Адзіныя навіны», паведаміла агенцтва «Укрінфарм». Нагадаем, што на паўночнай мяжы Украіны павялічваюць шчыльнасць мінна-выбуховых загараджэнняў.

На здымку: Андрэй Дземчанка.