Жыхароў Рэчыцы і Мазыра ўнеслі ў спіс "экстрэмістаў"

Жорж Кунцэвіч 30.01.2023

>

На сайце Міністэрства ўнутраных спраў РБ 27 студзеня з’явіўся абноўлены спіс “Асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. Туды дадалі яшчэ 20 чалавек, сярод якіх двое нашых землякоў – мазырчук Васіль Кавалёў і жыхар Рэчыцы Данііл Чэўнакоў.

Данііл Чэўнакоў быў затрыманы 17 лістапада 2021 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

У Мінскім гарадскім судзе 13 кастрычніка 2022 г. быў вынесены прысуд. Суддзя Наталля Бугук прызнала хлопца вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і прызначыла яму пяць гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

На пачатку лістапада Данііла перавялі ў магілёўскую СТ № 4.

Пра 36-гадовага Васіля Кавалёва інфармацыі пакуль мала. Вядома, што ў другой палове 2022 года суд Мазырскага раёна Гомельскай вобласці асудзіў яго паводле артыкула 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і артыкула 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (абраза прадстаўніка ўлады).

Прысуд - невядомы.

Па стане на канец студзеня ў “экстрэмісцкім” спісе надічваецца ўжо 2370 чалавек.

На фота: Данііл Чэўнакоў.