Паліцэйскі ў кожнай школе: ва Украіне паблізу мяжы з Беларуссю уводзяць службу адукацыйнай бяспекі

Цімур Казачэнка 25.01.2024

>

У абласцях Украіны, якія мяжуюць з Беларуссю, уводзіцца служба аховы бяспекі ў навучальных установах. Гэта мера прадпрымаецца найперш у раёнах, якія прылягаюць да дзяржаўнай мяжы. Службу несуць спецыяльна адабраныя і навучаныя паліцэйскія.

У гэтым месяцы служба бяспекі пачне дзейнічаць у 20 навучальных установах у населеных пунктах паблізу мяжы. Напрыклад, у Каросценскім раёне Жытомірскай вобласці, якая мяжуе з Гомельскай вобласцю Беларусі, гэта служба ўжо ўводзіцца ў гарадах Олеўск, Оўруч, пасёлку гарадскога тыпу Народзічы, сёлах Гладковічы і Славечна. На працягу года такіх навучальных устаноў будзе 150.

У паўнамоцтвы паліцэйскіх уваходзіць прапускны кантроль (у многіх школах усталёўваюць спецыяльныя “рамкі” і металашукальнікі), рэагаванне на правапарушэнні, сувязь з экстранымі службамі і выклік паліцыі. Адна з задач – зносіны з дзецьмі, у прыватнасці, аб пагрозе выбуховых і любых невядомых прадметаў. У выпадку небяспекі паліцэйскі адказвае за хутчэйшае накіраванне людзей ва ўкрыцці.

На цяперашні час укрыццямі забяспечана каля 80% школ і дзіцячых садкоў краіны, і гэта праца працягваецца.

Спачатку службу будуць несці дзеючыя супрацоўнікі паліцыі, якія праходзяць падрыхтоўку паводле праекту “Афіцэры службы аховы адукацыі”. Паведамляецца, што пазней іх заменяць афіцэры паліцыі, якія пасля аб'явы аб прыёме на службу пройдуць конкурсны адбор і адпаведнае навучанне.

Падобныя захады праводзяцца ва ўсіх абласцях, якія мяжуюць з Беларуссю і Расіяй. У далейшым такая служба распаўсюдзіцца і на іншыя навучальныя ўстановы сярэдняй адукацыі (больш за 10 тыс.). Мэта праекта – абараніць дзяцей у школах падчас вайны і стварыць бяспечныя ўмовы пасля вайны.

На здымку: дзяжурны паліцэйскі ў школе. (Фота: прэс-служба Упраўлення паліцыі аховы ў Жытомірскай вобл.).