Рэчыца: Затрымалі, збілі і... асудзілі памёрлага юнака
Жорж Кунцэвіч
05.08.2022
>
Суд Рэчыцкага раёна днямі вынес прысуд мясоваму жыхару Дзмітрыю Усхопаву, які
памёр пры нявысветленых абставінах на Новы год пасля затрымання міліцыяй. Але
справу распачалі не ў дачыненні да сілавікоў, а на памерлага юнака.
Нагадаем, 27-гадовы жыхар Рэчыцы ў ноч з 31 снежня на 1
студзеня быў затрыманы міліцыяй, а праз дзве гадзіны памёр у больніцы. Вось як тады выказваліся пра яго смерць блізкія:
«На прыпынку «Дзіцячы свет» Дзімка з сябрамі
хацелі ехаць на «Рытм» да мамы сустракаць Новы год. Яны былі ў выпіўшым стане.
Да іх падышлі супрацоўнікі ППС, па словах відавочцаў, Дзімка аказаў
непадпарадкаванне. Выклікалі аўтапатруль з падмогай. Яшчэ каля пяці чалавек
было ў машыне. Дзімку даставілі ў РАУС. Там альбо дапытвалі і білі, альбо адзін
раз ударылі ў галаву, ці стрэлілі з пнеўматыкі, я дакладна не ведаю. Ён страціў
прытомнасць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, сподняя
майка разарваная. Прывезлі яго ўжо з напаўголым торсам і зверху ў куртцы.
Валасы, цела, адзенне – усё мокрае, яно і цяпер мокрае ў моргу. У аддзяленні
ЦРБ яго прынялі ў стане комы».
І вось афіцыйная версія таго, што здарылася: пры хлопцу
знаходзіўся пакецік з марыхуанай, і па гэтым факце распачалі крымінальную
справу ў дачыненні да ўжо памерлага Дзмітрыя.
Праўладная прэса паведаміла, што па заключэнні
судова-медыцынскай экспертызы, «смерць Дзмітрыя Усхопава наступіла ў
выніку камбінаванага атручвання этылавым спіртам і асабліва небяспечным
псіхатропным рэчывам. Таксама пры марфалагічным даследаванні трупа выяўленыя
прыкметы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія маглі спрыяць наступу
смерці ад камбінаванага атручвання».
У выніку суд прызнаў Дзмітрыя вінаватым у
незаконным без мэты збыту набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў і
псіхатропных рэчываў, а таксама ў замаху на набыццё і захоўванне псіхатропных
рэчываў (сцвярджаецца, што за некалькі дзён да трагедыі Дзмітрый з
сябрам шукаў «закладку», але не знайшоў). Прысуд вынесены без прызначэння
пакарання, піша «Флагшток».