"Светлагорскія партызаны" сталі "экстрэмістамі"
Жорж Кунцэвіч
15.04.2023
>
Трое палітвязняў са Светлагорску ўнесененыя 14 красавіка
ў Спіс асобаў датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Раней, яшчэ да суда, іх
прызналі “тэрарыстамі”.
Згодна з матэрыяламі справы жыхары Светлагорску Алег Малчанаў, Дзмітрый Равіч і Дзяніс Дзікун, нібыта "атрымаўшы заданне ад
прадстаўнікоў BYPOL і план "Перамога", 28 лютага 2022 года, каля
23.00, прыбылі да чыгуначнага пераезду ў Светлагорскім раёне на чыгуначнай
станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" і здзейснілі акт тэрарызму на чыгунцы –
знішчылі транспартнае абсталяванне (батарэйна-рэлейная шафа), якое забяспечвае
бяспеку руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту і бяспечныя ўмовы праезду
транспартных сродкаў". Перагон знаходзіцца на лініі
Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць
Украіны).
Акрамя таго, пасля падпалу рэлейнай шафы абвінавачаныя
паведамілі пра зробленае прадстаўнікам BYPOL і плана "Перамога",
якія распаўсюдзілі яе ў інтэрнэце. Тым самым яны здзейснілі злачынствы супраць
дзяржавы, грамадскай бяспекі і бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, аказалі
дапамогу замежнай арганізацыі BYPOL і яе прадстаўнікам у стварэнні крыніц
пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
У выніку "Беларускай чыгунцы" нанесены ўрон у
памеры больш за 54 тысяч рублёў, які быў часткова (7,5 тыс. рублёў)
кампенсаваны ў ходзе папярэдняга расследавання крымінальнай справы.
Жыхароў Светлагорска затрымалі 4 сакавіка і змясцілі пад
варту. Яшчэ да суда іх унеслі ў "Спіс тэрарыстаў".
Крымінальную справу супраць "светлагорскіх
партызанаў" пачалі разглядаць 27 верасня 2022 года ў Гомельскім абласным
судзе. 27 снежня агучылі прысуд: Алега Малчанава асудзілі да 21 года
калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Равіча да 22 гадоў калоніі
ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Дзяніса Дзікуна да 23 гадоў калоніі ва
ўмовах узмоцненага рэжыму.
Разгляд апеляцыйнай скаргі адбыўся 31 сакавіка 2023 г. у
Вярхоўным судзе: прысуд пакінулі без зменаў.