Актывіст з Рэчыцы: Давялося ўцякаць з Беларусі праз тры краіны
Жорж Кунцэвіч
14.01.2024
>
Грамадскі актывіст з Рэчыцы Аляксандр Навуменка цяпер
жыве і працуе ў Польшчы, але з Беларусі давялося эвакуіравацца тэрмінова з
дапамогай фонда BYSOL, праехаўшы па дарозе тры краіны. Пра ягоныя прыгоды распавядае "Гомель штодзень".
Аляксандр Навуменка быў шматгадовым актывістам
Прафсаюза РЭП і Руху «За Свабоду» ў Рэчыцы, стала займаўся грамадскай
дзейнасцю, доўгі час прынцыпова заставаўся ў Беларусі, але быў вымушаны з’ехаць
пасля таго, як узнікла рызыка арышту па крымінальнай справе.
Чаму давялося з’ехаць з Беларусі? Ці было гэта для цябе
лёгкае рашэнне?
Склалася сітуацыя з сілавікамі, меў крымінальную справу,
таму давялося ўцячы. Сябры прапанавалі мне звярнуцца да BYSOL, і хлопцы з
фонду мне дапамаглі. Мне прапанавалі інструкцыі, калі я быў яшчэ ў Беларусі.
Выехаў праз Расію, Беларускі дом дапамог рэкамендацыяй для атрымання візы. Была
справа, што ў аэрапорце двое сутак прачакаў самалёта, далей ляцеў праз грэцкія
Афіны. Такім чынам, убягаў з Беларусі праз тры краіны, і вось цяпер у Польшчы.
Пра ад’езд з Беларусі не шкадую, мяне б там арыштавалі.
Але само рашэнне далося няпроста. Я калі выязджаў, у Гомелі ўсю ноч з Беларуссю
развітваўся.
Па дарозе, памятаю, амаль увесь багаж давялося пакінуць у
аэрапорце, бо ў авіякампаніі была норма, у якую я не ўпісваўся. Пайшоў у
прыбіральню, апрануў на сябе, што мог, астатняе пакінуў. У заплечніку застаўся
самы мінімум адзення, зубная паста, машынка для галення, дэзадарант і
дакументы.
Я, дарэчы, баюся лятаць, але не было выбару. Атрымалася
не думаць пра гэта, сеў у самалёт і я проста ляцеў у нікуды, як шмат людзей.
Ці Рэчыца горад для жыцця? Ці давала плён для
паляпшэння жыцця там грамадская дзейнасць?
Цяжкае пытанне. Рэчыца – зараз не горад для жыцця, але
можа быць такой.
Гэта мая радзіма, там у мяне шмат сяброў, я змог бы
знайсці працу ў іншых умовах. Але зараз не магу нічога зрабіць. Як бы ні было
балюча казаць, але для мяне на сёння гэта чужая зямля.
Плён дакладна быў ад грамадскай дзейнасці, але зараз мы
маем іншае жыццё. Можам забыцца пра ранейшае, больш так не будзе, на жаль.
Чытаць інтэрв’ю цалкам.