У Мазыры судзяць палітзняволенага Глеба Койпіша

Жорж Кунцэвіч 05.05.2023

>

Суд Мазырскага раёна 5 траўня пачынае слуханне справы палітзняволенага дырэктара гарадзенскай студыі вэб-дызайну "Іквадарт" Глеба Койпіша аб замене яму рэжыму адбыцця пакарання на больш строгі. Ён павінен быў выйсці на волю ў жніўні 2023 года, цалкам адбыўшы прызначанае яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў “хіміі”.

Справу разглядае суддзя Анатоль Стрэльчанка.

Глеба Койпіша  затрымалі 25 жніўня 2021 ў Гродне. Дома ў яго, а таксама ў студыі, быў праведзены ператрус.  Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 9 снежня суд Ленінскага раёна Гродна вынес яму прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 14 сакавіка 2022 Глеб пачаў адбываць пакаранне ў Мазыры, у ПУАТ № 21.

МУС 28 кастрычніка 2022 г. уключыў палітзняволенага ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

У Глеба Койпіша была магчымасць да ўступлення прысуду ў сілу з’ехаць з краіны, аднак ён прыняў рашэнне застацца. Аб гэтым і пра ўмовы ў мазырскай хіміі ён распавёў журналістам Hrodna.life.