Рэчычанку, якая заблакавала рух міліцэйскаму транспарту дзіцячай каляскай, асудзілі

Жорж Кунцэвіч 20.06.2022

>

Суд Рэчыцкага раёна 13 чэрвеня вынес прысуд мясцовай жыхарцы Ганне Васільевай, якую абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка.

Па матэрыялаз абвінавачання, Васільева, “з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 года сумесна і ўзгоднена з іншымі асобамі ў працэсе несанкцыянаванага масавага мерапрыемства прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючы грамадскі парадак, выйшаўшы на дарогу ў г. Рэчыцы, далучылася да іншых асоб, і актыўна перашкаджала руху службовага аўтамабіля АУС Рэчыцкага райвыканкама, выкарыстоўваючы дзіцячы вазок, змушаючы яго спыніць рух і ў далейшым змяніць маршрут руху, пры гэтым аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам АУС аб спыненні грубага парушэння грамадскага парадку".

Прысудам суда абвінавачаная Ганна Васільева прызнаная вінаватай і на падставе ч. 1 арт. 342 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.