Удар па адвакацкаму корпусу: абаронцаў пазбаўляюць ліцэнзій
Жорж Кунцэвіч
08.09.2022
>
6 верасня кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў
Беларусі правяла пазачарговую атэстацыю адвакатаў, у тым ліку чацвярых – з
Гомельскай абласной калегіі адвакатаў.
Гэта Генадзь Уласенка (Мазыр), Таццяна
Саўчанка і Павел Кулажанка (Рэчыца), а таксама Ганна
Паўлюк (Гомель).
Як заявілі ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі, «падставай для правядзення
пазачарговай атэстацыі паслужылі факты неналежнага выканання адвакатамі сваіх
прафесійных абавязкаў, выяўленыя Міністэрствам юстыцыі падчас выбарачнай
праверкі дзейнасці адвакатаў і юрыдычных кансультацый Гомельскай абласной
калегіі адвакатаў».
Па выніках пазачарговай атэстацыі ў Мінюсце паведамілі, што нібыта «падчас
атэстацыі асобныя адвакаты паказалі нездавальняючы ўзровень ведаў
заканадаўства, неабходны для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, што сведчыць аб
іх недастатковай кваліфікацыі».
На гэтай падставе прынята рашэнне «аб немагчымасці выканання
адвакатамі Уласенкам, Кулажанкам, Паўлюк, Саўчанкай сваіх
прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
Такое рашэнне прынятае нягледзячы на тое, што адвакат Ганна Паўлюк,
напрыклад, мае больш за 10 гадоў стажу работы па спецыяльнасці, з'яўляецца
магістрам юрыдычных навук і выкладчыкам у ГДУ і ГГМУ. А адвакат Таццяна
Саўчанка мае больш за 36 гадоў стажу працы па спецыяльнасці.
На фота:
адвакаты Павел Кулажанка і Таццяна Саўчанка.
Паводле інфармацыі "Флагшток".