Прасека большая чым лес. На радзіме Анатоля Сыса адзначылі 60-гадовы юбілей паэта

Андрусь ГАЁВЫ 03.11.2019

Літаратурнае свята ў Гарошкаве каля Рэчыцы прайшло з ініцыятывы рэчыцкіх прыхільнікаў творчасці геніяльнага беларускага паэта, падтрыманай ягонымі сябрамі і неабыякавымі людзьмі з Менску, Гомеля ды іншых мясцінаў.

Вось ужо амаль 15 гадоў, як Анатоль Сыс сыйшоў ад нас, але ягоная паэзія і яднае, і натхняе, і штурхае да дзеянняў. Больш за 10 разоў у Гарошкаве ладзілася літаратурнае свята «Дух – гэта, людзі, я!», якое арганізоўваў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Сёлета ж імпрэза пад патранажам СБП прайшла ў Менску і Гарошкаў, а разам з ім і ўся Гомельшчына, рызыкавалі застацца без літаратурна-патрыятычнага свята. Рэчыцкія ж актывісты палічылі, што ў год юбілею паэта проста немагчыма, каб так сталася.

«Нас падтрымалі менскія сябры Анатоля, гомельцы паходжаннем, людзі, якім неабыякавы лёс беларушчыны – паэт, бард Эдуард Акулін, пісьменнік і праваабаронца Алесь Бяляцкі, паэт, зямляк Анатоля з суседняй вёскі Заспа Сяржук Сыс. А ўжо, калі яны пагадзіліся прыехаць у Гарошкаў і не даць перарвацца традыцыі, на нашыя запрашэнні адгукнуліся і іншыя ўдзельнікі імпрэзы», – распавёў адзін з арганізатараў святкавання юбілею на радзіме паэта, рэчыцкі журналіст, вядоўца курсаў Мова Нанова ў Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў.

На святкаванне сабраліся больш за 40 чалавек. Шмат людзей з Рэчыцы, нямала моладзі. Падчас урачыстага ўскладання кветак на магілу Анатоля Сыса пад высокімі бярозамі на гарошкаўскіх могілках, гомельская спявачка-бард Вальжына Цярэшчанка прапанавала памаліцца. І пад «Ойча наш» кожны думаў пра свае стасункі з Анатолем і ягонымі вершамі.

Вальжына ЦЯРЭШЧАНКА 

Працягвалася імпрэза, традыцыйна, на родным падворку, дзе Анатоль Сыс рабіў першыя крокі, прамаўляў першыя словы і пісаў першыя вершы. Весці сустрэчу выпала паэту Эдуарду Акуліну, які блізка сябраваў з Анатолем Сысам. І ён звярнуў увагу на нябачную прысутнасць духа Сыса на свяце. Надвор’е выдалася надзіва сонечнае і прыгожае, але часам на падворак налятаў няўрымслівы вятрыска, які круціў віхуры пылу, разгойдваў прымацаваны да сцяны хаты партрэт Анатоля. І менавіта такім – нязручным, быў і сам Анатоль Сыс, адзначыў Эдуард Акулін. Ён узгадаў радкі з юнацкага верша Анатоля:

«Азiрнецца чалавек на гады пражытыя —

Аж прасека большая чым лес.

Берагi жыцця ўшчэнт размытыя»

«Калі Анатоль Сыс сыйшоў з жыцця, беларуская літаратура страціла вельмі шмат. Прасека стала большая, чым лес», – адзначыў Эдуард Акулін.

Эдуард АКУЛІН

Алесь Бяляцкі калісьці знайшоў у роднай хаце Сысоў лісты, якія Анатоль пісаў з войска дамоў. Яны ўразілі пісьменніка-публіцыста, паказаўшы невядомыя грані стаўлення яго да жыцця. Гэтыя лісты Алесь падрыхаваў да друку і яны выйшлі адмысловай нізкай у 20-м нумары часопіса «Верасень», які прэзентавалі на сваце ў Гарошкаве. Алесь Бяляцкі зачытаў некалькі вытрымак з лістоў. Ёсць там, напрыклад такія радкі: «Я ў водпуск не прыйду, па-першае – не адпусцяць, а па-другое, я і сам не хачу, тут засталося ўсяго да паскі дажыць. Толькі лішнія клопаты будуць. Вы ж там і так ледзь на пенскію перабіваецеся А машыну купляйце Віцю – “Жыгулі”! Мне яна і дарэмна не трэба. А пісаў я вам, што капіце мне грошы на машыну пішучую (каштуе яна рублёў 200). Ну пакуль! Капайце бульбу!» У апошняй фразе, як пагадзіліся ўдзельнікі сустрэчы, зашыфраваны своеасаблівы код нашага народа.

Свае вершы прычытаў паэт Сяржук Сыс. Загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, які ў свой час скончыў Анатоль, прафесар Іван Штэйнер прэзентаваў сваё чарговае даследаванне, прысвечанае творчасці былога свайго студэнта Анатоля Сыса. Выступілі на сустрэчы і кіраўнік Гомельскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Бароўскі, пісьменнік Генадзь Лапацін, паэт-перакладчык са Светлагорска Вадзім Болбас. Музычнае ж аздабленне свята стваралі гомельскія барды Андрусь Мельнікаў і Вальжына Цярэшчанка.

Андрусь і Анжэла МЕЛЬНІКАВЫ

І немагчыма было не наведаць родную хату Анатоля Сыса, дзе крыху падмерзлым на лістападаўскім ветрыку гасцям свята цёплы пачастунак прыгатавала родная сястра Анатоля – Тамара Грыб разам з аднавяскоўцамі. Яна, маючы кватэру ў Рэчыцы, жыве ў роднай вясковай хаце, падтрымліваючы яе ў тым выглядзе, у якім яна была, калі там чуўся голас паэта.  

 

«Мяне вельмі ўсцешвае тое, што на свята прыехалі маладыя людзі – хлопцы і дзяўчаты з Рэчыцы і Гомеля. Толькі адное гэта вартае таго, каб збіраць людзей – вядомых і не вельмі, у Гарошкаве, на гэтай зямлі з незвычайнай энергетыкай, скуль пайшоў у вялікую нацыянальную літаратуру яе геній – Анатоль Сыс», – сказаў пасля сканчэння свята Андрэй Мядзведзеў.