60-годдзе Анатоля Сыса адсвяткуюць у Гарошкаве каля Рэчыцы
Палеская Вясна
30.10.2019
Святочная імпрэза, прысвечаная 60-годдзю выбітанага беларускага паэта Анатоля Сыса адбудзецца на ягонай малой радзіме – у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна 2 лістапада.
Сёлета 26 кастрычніка Анатолю Сысу споўнілася б 60 гадоў. Але вось ужо амаль 15 гадоў, як Анатоль сыйшоў у іншы свет. Ягоная ж паэзія сталася зарукай таго, што памятаць яго беларусы будуць заўжды.
Штогод ужо больш як 10 разоў на радзіме паэта Саюз беларусіх пісьменнікаў ладзіў літаратурна-мастацкае свята «Дух – гэта, людзі, я!». Апошнія тры гады яно праводзілася ў траўні – у больш спрыяльнаяе надвор’е. А летась яго пераўтварылі ў літаратурны фестываль «Агмень», які адбыўся толькі адзін раз. У юбілейны ж год 60-х угодкаў свята ў Гарошкаве спачатку вырашылі вярнуць на дзень народзінаў – на кастрычнік, але потым СБП правёў святочную імпрэзу ў Менску.
Тым не менш, землякі Анатоля Сыса не пакідаюць памяць пра яго на радзіме. Нават, калі літаратурнае свята праводзілася ў траўні, гарошкаўцы, рэчычане, гомельцы ў дзень народзінаў збраліся на магіле паэта, ускладалі кветкі, потым ішлі на родны падворак, чыталі ягоныя вершы, спявалі песні на ягоныя вершы і свае прысвячэнні, узгадвалі свае стасункі з паэтам.
Сёлета ж, калі Гомельшчына засталася без адзінага літаратурнага свята, рэчыцкія актывісты вырашылі не даць загінуць памяці пра паэта-земляка на родных яму дняпроўскіх берагах і, магчыма, пашырыць веды пра яго. Рэчычанаў падтрымалі сябры Анатоля з Мінску, Гомеля ды іншых месцаў. Праўда, з некаторых прычынаў святочную сустрэчу ў Гарошкаве давялося на тыдзень перанесці.
2 лістапада ў Гарошкаве збяруцца прыхільнікі паэзіі Анатоля Сыса, ягоныя сябры з Рэчыцы, Гомеля, Мінску ды іншых гарадоў і вёсак. У імпрэзе возьмуць удзел Эдуард Акулін - паэт і бард, блізкі сябар Анатоля, Алесь Бяляцкі – праваабаронца і пісьменнік, Сяржук Сыс – паэт, журналіст, зямляк Анатоля з суседняй вёскі Заспа, Вальжына Цярэшчанка – спявачка, бард з Гомеля, Андрусь Мельнікаў – таксама гомельскі бард, Анатоль Бароўскі – кіраўнік Гомельскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, Вадзім Болбас – паэт-перакладчык са Светлагорска ды іншыя.
Пачатак сустрэчы – а 12-й гадзіне з ускладання кветак на магіле паэта на могілках вёскі Гарошкаў. Працяг – на падворку роднай хаты Анатоля Сыса.
Арганізатары запрашаюць далучыцца ўсіх ахвочых, каму дарагая беларушчына, хто цікавіцца нашай нацыянальнай паэзіяй і культурай.