Найміта з Акцябрскага не змаглі пахаваць нават пасля 14 месяцаў з дня гібелі
Жорж Кунцэвіч
28.06.2023
>>
У гарадскім
пасёлку Акцябрскі 27 чэрвеня збіраліся
пахаваць вайскоўца, які загінуў ва Украіне на баку расійскіх акупантаў. У
працэсе дастаўкі яго парэшткаў удзельнічалі чыноўнікі і міліцыя. Для магілы на
гарадскіх могілках выкапалі яму. Аднак
пахававання не адбылося.
"Флагштоку" ўдалося даведацца, што ў
Кастрычніцкі з Растова-на-Доне даставілі парэшткі 21-гадовага ўраджэнца пасёлка — Яраслава Асташкова. Блізкім
парэшткі мужчыны даставілі ў металічнай труне, бо вайсковец загінуў больш за
год таму ва Украіне, а апазнаць цела ўдалося толькі нядаўна.
«Цягаюць гэтую труну, як дурні. Карацей, пахавання не
будзе. Павязуць назад. Думалі, думалі і перадумалі», — паведамляе крыніца.
27 чэрвеня на гарадскіх могілках сабраліся людзі, каб
пахаваць мужчыну. Для магілы нават была выкапана яма. Але пасля некалькіх
гадзін чаканняў людзі разышліся.
"Маці з бацькам не дамовіліся. Бацька ў Расіі жыве,
маці тут. Маці хацела тут хаваць. Бацька пераканаў. На маці націснулі тым, што
нібыта яго павінны пахаваць у Расеі з ушанаваннямі і гэта спросціць атрыманне
кампенсацыі", — тлумачыць крыніца.
Яраслаў Асташкоў нарадзіўся ў г. п. Акцябрскі Гомельскай
вобласці ў 2001 годзе. Рос у няшчаснай сям'і і фактычна выхоўваўся бабуляй. Пасля
заканчэння 11 класаў пераехаў у Расію. Паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае
каманднае вучылішча.
У званні яфрэйтара Яраслаў заключыў вайсковы кантракт у горадзе Тула і
адправіўся на захоп Украіны. На сувязь Яраслаў перастаў выходзіць 18 красавіка
2022 года — менш чым праз два месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.
Парэшткі Яраслава былі апазнаныя ўжо ў Расеі дзякуючы
медальёну і перададзеныя ў Беларусь праз 14 месяцаў пасля гібелі. Да вясны 2023
года лёс Яраслава быў невядомы.