Прарок з Гарошкава. Да дня народзінаў Анатоля Сыса

Вітаўт Іллін 26.10.2022

>

Ёсць людзі, якіх яшчэ пры жыцці пачынаюць лічыць геніямі. Была такая асоба і ў сучаснай беларускай літаратуры. 26 кастрічника спаўнилася б 63 гады з дня нараджэння Анатоля Сыса.



Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну і быў найменшым з чатырох дзяцей. Прага да паэзіі выявілася ў юнага Толіка яшчэ ў школе. У 1974 годзе яго вершы ўпершыню былі надрукаваныя ў рэчыцкай газеце “Дняпровец”. З гэтых недасканалых вершаў 15-гадовага хлопца і пачаўся ягоны доўгі творчы шлях.

Анатоль СЫС. 19 гадоў. Гарошкаў. 

Канец 80-х гадоў быў часам імклівага абуджэння беларускага народа. Не застаўся ў баку і малады Анатоль Сыс. Ён стаў актыўным удзельнікам нефармальных моладзевых аб’яднанняў, якія пачалі ўзнікаць па ўсёй краіне.

Сыс не абмяжоўваўся толькі культурніцкімі праектамі. Разам з цяпер ужо лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Алесем Бяляцкім, ён быў адным з арганізатараў знакамітых “Дзядоў” 1988 года, калі тысячы беларусаў рушылі ў Курапаты, каб аддаць даніну павагі растраляным сталінскімі чакістамі суайчыннікам.

Пры гэтым ён не забываўся і на творчасць. У тым жа 1988 годзе выходзіць зборнік ягоных вершаў “Агмень”, а ў наступным 1989 – яшчэ адзін збонік “Пан лес”.

Анатоль СЫС. 

Але вядомасць Анатоль Сыс атрымаў не толькі вершамі, а сваімі эпатажнымі ўчынкамі. Душа палескага бунтара не знаходзіла спакою ў “душных” колах афіцыйнай літаратуры. Па Менску 90-х хадзілі легенды аб учінках вечна хмельнага паэта.  Шмат якія з іх, выглядаўшыя ў той час нечым немагчымым і нават непрыстойным, зараз выглядаюць даволі весела і па-добраму камічна. Некалькі цікавых гісторый з жыцця гэтай неардынарнай асобы распавёў былы сябра “Таварыства беларускай мовы” Сяргей Кручкоў. Так, аднойчы Анатоль Сыс прыйшоў на паседжанне “Саюзу пісьменнікаў” з поўным рондалям баршчу і спрабаваў пачаставаць ім амаль усіх сустэтых там людзей. Іншым разам Сыс завітаў на сядзібу ТБМ і сказаў, што толькі што быў у гасцях у даўняга свайго сябра, вядомага гісторыка Вітаўта Чаропкі. Аўтар “Імя ў летапісе” падаўся паэту занадта худым і нібыта сказаў, што не еў ужо чатыры дні. Сыс, канечне, не мог кінуць яго ў гэтай бядзе. Як раз перад гэтым ён атрымаў чарговы ганарар. І вось вялікая частка ганарарных грошаў, са слоў паэта, пайшла на закуп макаронаў хуткага прыгатавання для аднаўлення нармальнай вагі сябра. Падобныя ўчынкі прывялі да таго, што багата хто з прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі пачалі пазбягаць Сыса.

Анатоль СЫС з Касяй Камоцкай. 

Аднак далёка не ўсе. Так, вельмі высока цаніў Сыса як паэта былы старшыня ТБМ Алег Трусаў, які добра разумеў ягоны праблемны характар, але бачыў у ім сапраўдную глыбу сучаснай беларускай паэзіі.  І пры ўсёй неардынарнасці ягоных паводзіінаў, наўрад ці існаваў хоць адзін чалавек ва ўсім свеце, якому Анатоль Сыс зрабіў нешта сапраўды благое. Амаль усе, хто ведаў Анатоля Сыса, яшчэ пры жыцці лічылі яго надзвычайнай зоркай на паэтычным небасхіле і адным з лепшых беларускіх паэтаў увогуле.

На самой справе, за ўсім гэтым знешнім блюзнэрствам і эпатажам хавалася рахманная душа паэта. Узгадваю, як неяк размаўлялі з сястрой паэта Тамарай Ціханаўнай і яна расказвала як прыязжала да брата ў Менск, і Анатоль тады спытаў у яе, што, калі б у яе быў выбар, яна абрала для сябе - беларускую мову, за якую б давялося ваяваць, ці мір у краіне, прынёсшы ў ахвяру нашу мову. Жанчына не знайшла, што адказаць, і тады паэт сказаў, што ён абірае мір. Што мова здолее выжыць і захавацца, а яшчэ адну вайну беларусы могуць наўпрост не вытрымаць фізічна. Ён страшна баяўся вайны. І гэта моцна аддаляла яго ад шмат каго з калег, якія паўсюдна гаварылі аб неабходнасці барацьбы да канца.

Але пры ўсім сваім пацыфізме, ён яшчэ тады, на пачатку 90-х гадоў, добра разумеў усю небяспеку, што ўяўляў з сябе расейскі імперыялізм. Сястра паэта называла яго прарокам. І гледзячы на тое, што зараз адбываецца навокал, немагчыма з тым не згадзіцца. Сёння я часта прыгадваю такія яго радкі:

У расейцаў шаблі касыя,

у расейцаў вочы Батыя,

конскія хвасты за плячыма,

потная кабыла - Айчына.

 

Не патрап пад шаблі касыя,

не павер у вочы Батыя,

не сядлай жарэбай кабылы -

прывядзе да цёмнай магілы.

 

Згадзіцеся, цалкам прароцкія словы.

Апошні свой збонік вершаў Анатоль Сыс выпусціў у 2002 годзе, усяго за тры гады да сваёй заўчаснай смерці. Зборнік называўся проста “Сыс”. Быццам бы паэт ўжо адчуваў блізкі канец і рабіў падсумкі свайго жыцця. Усё гэтае жыццё ён імкнуўся заставацца сумленным. Сумленным і як чалавек, і як паэт. У першую чаргу перад самім сабой. Ён ніколі не імкнуўся да нейкіх матэрыяльных здабыткаў, абраўшы замест гэтага сапрадную свабоду творцы.

У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака – сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы – я волі хачу.

У гэтай краіне ня маю я долі,
вось посах і торба і сотні дарог.
Па долі пайду. Не вярнуся ніколі.
Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.