«Садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці». У Гомелі судзяць жыхара Хойнікаў

Цімур Казачэнка 20.12.2022

>

20 снежня ў Гомельскім абласным судзе разглядаецца справа, у якой абвінавачаным з’яўляецца жыхар Хойніцкага раёна Аляксандр Лютаў. Яго абвінавацілі у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Пасяджэнне па справе прызначана на 15 гадзін. Вядзе справу суддзя Мікалай Доля.

Аляксандр Лютаў, а таксама яшчэ двое грамадзян былі затрыманыя ў Хойніках напрыканцы ліпеня. Супраць Аляксандра ўзбудзілі справу паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Жыхар Хойнікаў абвінавачаны паводле часткі 2 гэтага артыкула – «дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове». Яму пагражае ад 2 да 5 год абмежавання волі альбо ад 3 да 7 год пазбаўлення волі.

Беларускія ўлады ўключаюць у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» практычна любыя некантралюемыя імі рэсурсы ў інтэрнеце на палітычную тэму. Людзей, якія што-небудзь дасылаюць у «экстрэмісцкія» месенджары ці сайты, судзяць за «садзейнічанне».

На цяперашні час у Беларусі ў месцах зняволення знаходзяцца 36 чалавек, якія асуджаны паводле артыкула 361-4 і прызнаныя праваабаронцамі ў якасці палітычных зняволеных, у тым ліку 8 жанчын. Агульная колькасць палітзняволеных у краіне зараз – 1437.

На фота: Аляксандр Лютаў.