Світанак і заход Metall Crowd. З гісторыі аднаго фестывалю ў Рэчыцы
Вітаўт ІЛЛІН
17.08.2022
Калісьці гэтыя жнівеньскія
дні былі для Рэчыцы перыядам сапраўднага свята і драйву. Штогод у горадзе
ладзіўся найбуйнейшы на постсавецкай прасторы фестывалі цяжкой музыкі Metall
Crowd.
Далёкім летам 2004 года правінцыйную Рэчыцу раптам наваднілі сотні маладых
і не вельмі людзей у чорнай вопратцы з доўгімі валасамі. У горадзе нафтавікоў
упершыню ў гісторыі Беларусі адбыўся двухдзённы рок-фестываль Metall Crowd,
арганізаваны такімі ж металістамі з мясцовага гурта “Apocriphal”. Пачынаўся ён як
значная калякультурная з’ява. Першым месцам правядзення фестывалю стала былая
танцпляцоўка ў гарадскім парку Перамогі, якую месцічы звычайна называлі проста «Клетка».
Хэдлайнерамі тады былі чэхі і славакі, удзельнічалі ў
асноўным гурты з пастсавецкай прасторы. У цэлым, за больш як 10 гадоў існавання
фестывалю ўдзел у ім узялі сотні гуртоў з розных краін свету, часам да Рэчыцы
даязжалі нават сусветна вядомыя выканаўцы. Чаго варты хаця б прыезд на
Гомельшчыну немцаў з Die apokalyptischen reiter, неаднаразовых хэдлайнераў
некалькіх еўрапейскіх метал-фестываляў.
Здавалася б, рэчыцкі фэст чакае доўгая і слаўная гісторыя. Напэўна, так бы
яно і было, калі б фестываль ладзіўся ў
якой-небудзь іншай – больш вольнай, краіне. Але ў яго жыццё паступова ўсё больш
і больш сталі ўмешвацца саўкова-беларускія рэаліі.
З самага пачатку да фестывалю падключыліся ўсялякія БРСМы ды адзелы
культуры мясцовага райвыканкаму. Людзі, мякка кажучы, далёкія ад року і металу,
ды і ад музыкі ўвогуле, якія мала, што ў гэтым разумелі. Спачатку гэта выглядала
як непазбежнае зло (Беларусь Лукашэнкі, усё ж такі). Але з цягам часу сітуацыя
стала цалкам нагадваць савецкія часы. Размова нават не аб адсутнасці якаснага
фуд-корту, які замяніла палатка з бяляшамі, , ці адсутнасць дастатковай
колькасці туалетаў.
Мясцовыя чыноўнікі моцна зацікавіліся, аб чым там гэтыя металісты спяваюць.
Сталі з’яўляцца
патрабаванні прадставіць тэксты песен, калі на замежных мовах - то абавязкова з
перакладам, у аддзел культуры і ідэалогіі райвыканкама. Абавязковым атрыбутам
фэсту стала празмерная прысутнасць міліцыі і АМАПу, якія часта затрымлівалі
людзей з цалкам надуманых прычын. Напрыклад, на апошнім фестывалі ў 2016 годзе
маладзёна затрымалі за тое, што ён падчас слэму на пляцоўцы каля галоўнай сцэны
разгарнуў над сабой у руках нацыянальны сцяг Беларусі. Зразумела, што такое
стаўленне хутка пачало адварочваць ўсё большую колькасць удзельнікаў ад
наведвання Рэчыцы.
У канцы траўня 2017 года адбылося тое, што не магло не
адбыцца. На афіцыйным сайце фестывалю з’явілася заява ад арганізатараў: “У 2017 годзе фестываль не адбудзецца… Мы не
дасягнулі адзінага меркавання ў канцэпцыі канцэртнай праграмы (выступаючых
гуртоў) фестывалю з дзяржаўнымі органамі.”
Як кажуць, каментары тут залішнія. Але адзін я ўсё ж такі
прывяду. Гэта мяркаванне легенды беларускай метал-сцэны Улазіслава Наважылава, вакаліста і лідара славутага гомельскага
гурта Gods Tower: «Як металюга я шкадую
аб тым, што фестываль, магчыма, спыніў сваё існаванне. Як бы там ні было, у
Рэчыцы заўсёды можна было патусіць і паслухаць цікавай новай музыкі. Так што за
культасвет ім у карму выключна пяцёрка з плюсам. Яны наладжвалі сувязі, яны
фактычна нам паказвалі свет і г.д. Гэта была вялікая справа. Як музыка…
стаўленне да іх заўсёды было неадназначнае. Жудасная арганізацыя з перавагай
ігнора ўласнага вытворцы :) Я выступаў там некалькі разоў у розных складах і
заўсёды гэта быў "савок". Не ўпэўнены, што ў іншаземных гасцей былі
праблемы з кетэрынгам, з праездам на канцэрт і “плюсамі”, але вось у нас, у
мясцовых банд, яны былі заўсёды, і гэта не радавала. Магчыма, такім чынам яны і
кампенсавалі пашыраны асартымент імпартнага складу. І яшчэ мне ніколі не
падабалася сама ідэя рабіць фэст на грошы дзяржавы. Гэта не метал, гэта не
андэрграўнд, але гэта нават не мэйнстрым. Кожны раз падпісваючыся пад тым, што
я туды еду, я лавіў сябе на думцы, што гэта такія “метал-дажынкі”, і ад гэтага,
прызнацца, крыху вараціла. Зразумела, што гэта быў кампраміс, але маглі б за
гэты кампраміс нам, музыкам, даць і больш спрыяльныя ўмовы. Так што калі кароль
памёр, дык проста таму, што ён не мог не памерці! Так, ён быў легендарны, стары
і наогул паваніваў дэзадарантамі, але хай жыве кароль, бо гэта сімвал
манархіі!»
Апошнія 5 гадоў жыццё моладзі ў Рэчыцы стала менш
насычаным і разнастайным. А пасля 2020 года ў горадзе пазнікалі якія-кольвек
моладзевыя ініцыятывы, акрамя тых, патрэба ў правядзенні якіх спускаецца зверху
тымі ж ідэолагамі. І, магчыма, пасля вызвалення нашай краіны ад дыктатуры, і
такая культурная падзея, як метал-фестываль Metall Crowd адрадзіцца і пачне
па-сапраўднаму развівацца.