Нягледзячы на маразы Палессе “плыве” па-ранейшаму

Жорж Кунцэвіч 14.01.2024

>>

Штогод многія раёны Гомельшчыны сутыкаюцца з падтапленнем асобных тэрыторый. Церпяць сядзібы, дачныя пабудовы, размываюцца аўтамабільныя дарогі. Гэты год – не выключэнне.

І нягледзячы нават на маразы, на Палессі па стане на 12 студзеня застаюцца падтопленыя талымі і паводкавымі водамі больш за паўсотні жылых дамоў, яшчэ болей падворкаў, падвалы і асобныя ўчасткі дарог.

У першыя дні новага года ратавальнікі вызвалілі з воднага палону сем падворкаў і пяць дачных дамоў у Светлагорскім раёне, зладжана спрацавалі і ў Петрыкаўскім, ліквідавалі падтапленне дзевяці падворкаў, двух жылых дамоў, двух падвалаў жылых дамоў у іншых раёнах.

Абласная газета таксама паведамляе аб тым, што некалькі дзён таму падчас маніторынгу выявілі факт новага падтаплення ўчастка дарогі ў Брагінскім раёне.

Таксама Белгідрамет даў штармавое папярэджанне для Петрыкаўскага раёна.

Па прагнозах сіноптыкаў, у ваколіцах вёскі Першая Слабодка вада ў Пцічы хутка перавысіць небяспечна высокую адзнаку і затопіць прыбрэжныя тэрыторыі.


У Беларусі была прынятая рэспубліканская праграма “Інжынерныя водагаспадарчыя мерапрыемстве па абароне неселеных пунктаў і сельскагаспадарчых зямель ад павадкаў у найбольш павадканебяспечных раёнах Палесся”, аднак на яе поўную рэалізацыю сродкаў не хапіла. Прымаліся таксама рашэнні на абласным і раённых узроўнях. І ўсё гэта засталося на паперы: грошай у бюджэце няма.

У той жа час рэалізуюцца абсурдныя праекту, кшталту ўзвядзення ў Гомелі гіганцкага флагштока, альбо “царскай” прыбіральні ў гарадскім парку за мільён даляраў, якая, дарэчы, не працуе.