Не вядзіцеся на “разводы” мазырскага правакатара Комара
Жорж Кунцэвіч
24.01.2023
>>>
Больш за дзесяць грамадзян Беларусі пацярпелі ад дзеянняў
мазырскага правакатара Юрыя Комара, які ў лістападзе мінулага года на сваім ютуб–канале
канале пачаў кантактаваць з людзьмі, якія не любяць уладу ў Беларусі і
падтрымліваюць Украіну.
Прыкідваючыся патрыятычным украінцам, Комар правакуе ў
сваёй чат-рулетцы беларусаў на шчырыя выказванні. Затым усё гэта выкладае ў
сеціва. Тым не меней, на ягоную вуду трапляюць людзі, якімі потым цікавяцца
сілавікі. Для многіх беларусаў знаёмства з такім "крутым" ютуберам скончылася
затрыманнем і верагодна – узбуджэннем крымінальнай справы. Пры гэтым – аднаго з іх збілі пры затрыманні, а з астатніх проста
паздзекаваліся.
Вось толькі некалькі фактаў, якія сведчаць аб наступствах
дзеянняў Юрыя Комара, якія вядомыя на сёння праваабаронцам:
“Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне
18-гадовага студэнта Інстытуту бізнеса БДУ Данілы Гомана. Паводле іх,
у чат-рулетцы хлопец сказаў, што нібыта яго прадзед спальваў Хатынь”.
“Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне
аспіранта МДУ ім. Куляшова Віталя Палавінскага. Яго ў чат-рулетцы
справакаваў 41-гадовы Юрый Комар — мужчына сам сказаў Палавінскаму "Жыве
Беларусь!" і атрымаў у адказ "Жыве Вечна".
“Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльныя
відэа» з Вадзімам Шафранскім і Віталём Лобачам. Абодва мужчыны ў
чат-рулетцы паразмаўлялі з правакатарам Юрыем Комарам, які прадставіўся
украінцам. Затрыманыя мужчыны выказалі падтрымку Украіне і украінцам, а таксама
прагназавалі паразу Расіі ў вайне”.
Пра Юрыя Комара вядома, што ён мае 41 год і мазырскую
прапіску. Мужчына зарэгістраваны як іпэшнік і працуе кіроўцам фуры. "Гомельская Вясна" паведамляла, што "ў нядаўнім мінулым ён вёў цалкам тыповы для прадстаўніка сваёй прафесіі лад жыцця. Нялёгкая вадзіцельская праца Комара перамяжалася адпачынкам ва Украіне, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах: «Наша Ніва» знайшла ў яго сацсетках мноства фатаграфій з відамі пляжаў і іншых еўрапейскіх лакацый.
З 24 лістапада мінулага года ў сваім канале «Бело Росс» у YouTube ён пачаў выкладваць аднастайныя відэа, запісаныя падчас размоў у папулярным сэрвісе «Чат-рулетка» (задума гэтага сайта ў тым, што ён выпадковым чынам злучае па відэасувязі сваіх карыстальнікаў). Размаўляючы з выпадковымі беларусамі, Комар выдае сябе за ўкраінца і імкнецца справакаваць іх на выказванні, якія могуць стварыць людзям праблемы з уладамі. Часам суразмоўцамі мужчыны становяцца і жыхары іншых краін.
Звычайна ў размовах, выкладзеных у Сетку, мазыранін спрабуе схіліць сваіх суразмоўцаў да крытыкі дзеянняў беларускіх уладаў, абразы ў адрас Лукашэнкі, падтрымкі дзеянняў Украіны, УСУ, «рэйкавых партызан» і беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку Кіева. Да 18 студзеня – менш чым за два месяцы, якія прайшлі з публікацыі першага відэа – ён апублікаваў на сваім канале ўжо 50 ролікаў з гаваркімі назвамі кшталту «Пилотка и горящие пуканы», «Программист двоечник и мовный вопрос», «Европа с… цца, америка боится», «Белорусско-луганский хохол», «Либераст антисимит», «Ждун недоврач» (арфаграфія аўтара захаваная).