Аграпрадпрыемствы Гомельшчыны церпяць ад вучэнняў сілавікоў

Жорж Кунцэвіч 27.06.2023

>

У судзе Кастрычніцкага раёна на 27 чэрвеня прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да мясцовага сельгаспрадпрыемства ААТ “Маісееўка” (дырэктар – Сяргей Ткачук).

Аграрнаму прадпрыемству пагражае штраф у памеры да 300 базавых велічынь паводле арт. 24.40 КаАП РБ  за невыкананне вайскова-транспартнага абавязку.

Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Гормаш.

Згодна Палажэння аб ваенна-транспартнай абавязку дзяржорганы ў мірны час ажыццяўляюць адбор транспартных сродкаў арганізацый, якія прадстаўляюцца войскам. Арганізацыі абавязаны ўтрымліваць гэты транспарт у стане пастаяннай гатоўнасці. Ва ўстаноўлены тэрмін ён павінен быць прадстаўлены вайскоўцам у спраўным стане.

Яшчэ адзін аналагічны суд адбудзецца сёння ў Буда-Кашалёва. Тут па гэтым артыкуле прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Рагінь” Уладзімір Цытрыкаў.

Хутчэй за ўсё гэтыя сельгаспрадпрыемствы не змаглі прадставіць транспарт сілавікам пад час аднаго са шматлікіх вучэнняў альбо збораў, якія апошнім часам праводзяцца на Гомельшчыне.