Прадстаўніца Літвы: Інтэрпол – не для палітычнага пераследу уладамі Беларусі
Цімур Казачэнка
03.12.2023
>
На 91 Генеральнай асамблеі Інтэрпола ў Вене 29
лістапада выступіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ. Яна заклікала
не даць магчымасці правячым рэжымам Беларусі і Расіі скарыстацца рэсурсамі Інтэрпола
для пераследу людзей па палітычных матывах.
«Інтэрпол павінен зрабіць
усё, каб недэмакратычныя дзяржавы, такія, як Расея ці Беларусь, не
выкарыстоўвалі свае членства (у Інтэрполе
– рэд.) для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў. Міжнародная супольнасць не
можа мірыцца са злоўжываннем каналамі Інтэрпола для пераследу грамадзян як
сваёй, так і іншых краін у палітычных мэтах» – заявіла Агне Білатайтэ.
Пасля акцый пратэсту ў
Беларусі ў 2020 г., звязаных з масавым недаверам да абвешчаных вынікаў
прэзідэнцкіх выбараў, правячы рэжым узмацніў палітычныя рэпрэсіі, на цяперашні
час у краіне налічваецца 1446 палітзняволеных. Тысячы грамадзян вымушаныя
шукаць прытулку ў замежных краінах.
«Мы заўважаем, што Расея і
Беларусь увесь час шукаюць спосабы навязаць сваю палітычную волю. Гэтая Генеральная асамблея
не стала выключэннем, і гэта добра відаць з праектаў рэзалюцый, прапанаваных
гэтымі краінамі. Мы
павінны гарантаваць, што ніякія прапановы такога кшталту не будуць прынятыя» –
адзначыла А. Білатайтэ.
Сярод тых, супраць каго
Расія ўзбудзіла палітычна матываваныя крымінальныя справы і аб’явіла іх у
міжнародны вышук, ёсць і літоўскія грамадзяне. Літва асуджае выкарыстанне
міжнародных прававых інструментаў для палітычна матываваных пераследаў і
просіць міжнароднай падтрымкі ў гэтым пытанні.
На сустрэчы з Генеральным
сакратаром Інтэрпола Юргенам Штокам
міністр унутраных спраў Літвы таксама абмеркавала магчымыя злоўжыванні
рэсурсамі Інтэрпола для палітычна матываваных пераследаў.
Раней у лістападзе А.
Білатайтэ накіравала ліст міністрам унутраных спраў краін Еўрасаюза і краін,
асацыяваных з Шэнгенскім пагадненнем, адносна праектаў рэзалюцый, прадстаўленых
Беларуссю і Расіяй.
У 2023 г. адзначаецца
100-годдзе Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі «Інтэрпол», якая была
заснавана менавіта ў Вене. Цяпер у Інтэрпол уваходзяць 196 краін. На
Генасамблеі абмеркаваны існуючыя і новыя пагрозы грамадскай бяспецы, у тым ліку
значны рост міжнароднай арганізаванай злачыннасці. Таксама абмяркоўваліся
такія пытанні, як выкарыстанне новых тэхналогій у праваахоўных органах,
прадухіленне распаўсюджвання матэрыялаў сексуальнага гвалту над дзецьмі,
умацаванне супрацоўніцтва.
На здымку: Агне Білатайтэ і Юрген Шток падчас сустрэчы
ў ходзе 91 Генеральнай асамблеі Інтэрпола.