Дагэтуль нічога невядома пра чарнігаўскую прадпрымальніцу, якая знікла па дарозе ў Мазыр
Жорж Кунцэвіч
28.07.2023
>
Жыхарка ўкраінскага Чарнігава Наталля Захаранка не
адгукаецца з 17 ліпеня. Яна паехала да сястры ў Мазыр.
Пра тое, што грамадзянка Украіны Наталля Захаранка (Захаренко
Наталія Володимирівна) знікла пасля перасячэння польска-беларускай мяжы, Пра
гэта “Радыё Свабода” расказалі знаёмыя жанчыны.
Па словах суразмоўцы, да 2021 г. Наталля Захаранка
рэгулярна ездзіла ў Беларусь. Там яна гандлявала на гомельскім рынку. Прадавала
прыправы, туалетную паперу, гарчыцу і іншыя ўкраінскія харчовыя і прамысловыя
тавары.
«На нашым рынку «Цэнтральным» яе ўсе ведалі, але гады два
яна ўжо не з'яўлялася. Зразумела, чаму. Ідзе вайна, мяжа на замку, нявыгадна
вазіць праз Польшчу тыя ж спецыі і розную драбязу. З Гомля яна везла ў Чарнігаў беларускія прадукты – аўсянку, згушчанае малако і іншае», – пракаментавала Свабодзе на ўмовах ананімнасці Марына (імя
змененае ў мэтах бяспекі), якая гандлюе на гомельскім рынку і цяпер.
Вядома таксама, што Наталля Захаранка ездзіла ў Мазыр да
сястры. Таксама яна брала па дарозе перадачы, дакументы, дапамагала перасякаць
мяжу іншым людзям – з Украіны праз Польшчу ў Беларусь і назад. У тэматычных
чатах перавозак яна пакінула шмат абвестак. Людзі актыўна карысталіся яе
паслугамі.
З апошніх абвестак Наталлі ў адмысловым чаце – пра тое,
што 10 ліпеня яна едзе з Чарнігава ў Мазыр праз Луцк, Роўна, Жытомір, польскія
гарады і Берасце. Яна прапаноўвала ўзяць пасажыраў, перадачы, пасылкі,
дакументы, катоў і сабак. Назад украінка збіралася ехаць 21 ліпеня. І знікла.
«Яна 13 ліпеня адпраўляла пасылку маім бацькам, мы былі
на сувязі. Тады яшчэ было ўсё добра», –
піша адна з карыстальнікаў чату.
Апошні допіс жанчыны ў фэйсбуку датаваны 15 ліпеня.
«15 ліпеня я з ёй перапісвалася. Але 20 ліпеня я мусіла
перадаць пасылку, але яе ніхто не забраў», – удакладняе іншая карыстальніца.
Таксама, паводле паведамленняў у чаце, Наталля абяцала
забраць пасажыраў з Беларусі ва Украіну, чаго таксама не адбылося.
Суразмоўцы дапускаюць, што жанчыну маглі затрымаць
сілавікі, якіх зацікавілі яе частыя паездкі з Чарнігава ў Мазыр. У мазырскім
ІЧУ і гомельскім СІЗА на пытанні аб магчымым арышце ўкраінкі адказваць
адмовіліся.