Калі ад тура да турмы – не адзін крок, але блізка. “Беларустурыст” прапануе з’ездзіць у Абхазію
Цімур Казачэнка
01.08.2022
>>
Кампанія “Беларустурыст” у Гомелі, Мазыры і
іншых гарадах прапануе адправіцца ў паездку ў Абхазію. Кліентаў не інфармуюць
аб тым, што такім чынам у далейшым жыцці з’яўляецца перспектыва апынуцца ў
грузінскай турме.
Аб маршруце аўтобуснага тура патэнцыйным
кліентам паведамляюць агульнымі словамі: “Гомель – Абхазія – Гомель”. Пры гэтым
замоўчваецца той факт, што ўезд у Абхазію будзе ажыццяўляцца з Адлерскага раёну
Краснадарскага краю Расіі.
Аднак справа ў тым, што наведванне
самаабвешчанай Абхазскай Рэспублікі ў абыход грузінскага памежнага кантролю –
гэта парушэнне дзяржаўнай мяжы Грузіі і крымінальнае злачынства паводле законаў
Грузіі. Каб было больш зразумела, можна сказаць так: з пункту гледжання
грузінскага заканадаўства, турысцкі аўтобус, які ўязджае ў Абхазію з
Краснадарскага краю – гэта арганізаваная злачынная група.
У выпадку, калі чалавек такім спосабам наведаў
Абхазію, а ў далейшым патрапіць у Грузію, яго затрымліваюць з узбуджэннем
крымінальнай справы і змешчаюць у следчы ізалятар – у лепшым выпадку на доўгія
месяцы да суда. І спасылкі на “Беларустурыст” у такім выпадку не дапамагаюць.
Большасць жыхароў Беларусі пра такія нюансы
далёкіх краёў не ведае. Але дзіўна, калі аб гэтым не ведаюць у
“Беларустурысце”. Альбо ведаюць? І фактычна падштурхоўваюць грамадзян да
парушэння крымінальнага кодэкса іншай дзяржавы?
Патэнцыйных кліентаў толькі папярэджваюць, што
ўсе разлікі ў Абхазіі робяцца ў расійскіх рублях, але плацёжныя карткі
беларускіх банкаў там не дзейнічаюць, таму, маўляў, бярыце з сабой наяўныя
расійскія грошы. Чаму не дзейнічаюць карткі – пра гэта таксама маўчаць. А
прычына ў тым, што Абхазія, як непрызнаная «дзяржава», не падключана да
электронных плацёжных сістэм.
Дарэчы, па той жа прычыне непрызнанасці ў
Абхазію не лятае “Белавія”, хоць аэрапорт там ёсць. Расійскія авіякампаніі туды
таксама не лятаюць, таму што ў такім выпадку яны падвергліся б санкцыям з боку
міжнародных авіяцыйных арганізацый.
Гомельскае і Мазырскае бюро падарожжаў
уваходзяць ва ўнітарнае прадпрыемства “Беларустурыст”, якое адносіцца да
Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Паездкі ў Абхазію прапануюць у “Беларустурысце”
і ў іншых гарадах.
Абхазія – былая аўтаномная тэрыторыя Грузіі,
якая ў 1994 г. аб’явіла сябе «самастойнай» пры падбухторванні з боку Расіі.
Беларусь не прызнае аддзяленне Абхазіі ад Грузіі. Як «самастойную» дзяржаву
Абхазію прызналі толькі Расія, Венесуэла, Науру, Нікарагуа і Сірыя. ААН лічыць
Абхазію тэрыторыяй Грузіі.