Палітзняволеную актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі

Жорж Кунцэвіч 09.10.2023

>

У судзе Рэчыцкага раёна 9 кастрычніка пасля перапынку аднавіўся суд над палітзняволенай актывісткай Палінай Шарэнда-Панасюк, асуджанай да трох гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка.

Жанчыну ўжо ў трэці раз абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі" (ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса).

Берасцейскую актывістку Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 і абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У канцы лютага 2022 года на палітзняволеную завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. 

7 красавіка мінулага года на выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі актывістку асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі. 

Па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК.

У выніку Паліну адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы. 

Аднак на судзе 2 кастрычніка, Паліна заявіла пра збіццё ў зарэчанскай калоніі: у яе моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы. Па ініцыятыве пракурора ў працэсе зрабілі перапынак да 9 кастрычніка. 

Сёння пракурор запрасіў для палітзнволенай год калоніі за “непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы”. Столькі суддзя і прызначыў, дадаўшы ад сябе да аднаго года яшчэ і тры дні.

Падтрымайце палітзняволеную грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:

ІЧУ АУС Рэчыцкага райвыканкама. 247483, Гомельская вобл., г. Рэчыца, вул. Савецкая, 35

Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк.