Мабілізацыя на Палессі: укамплектаваліся да штатаў ваеннага часу

Жорж Кунцэвіч 30.06.2022

>>>

Ваенны камісарыят Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў працягвае ўдзел у планавых мабілізацыйных вучэннях.

Як растлумачыў намеснік начальніка пункта папярэдняга збору ваеннаабавязаных Міхаіл Аляксеенка, за гэтыя дні ў ходзе вучэння ўжо адпрацаваныя пытанні па даўкамплектаванні ваенкамата шляхам прызыву грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, завершана праца па апавяшчэнні і кантрольнай яўцы ваеннаабавязаных, прызначаных для ўкамплектавання воінскіх частак і злучэнняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь да штатаў ваеннага часу.

У цяперашні час ажыццяўляецца яўка ваеннаабавязаных асоб на пункты збору мабілізацыйнага рэсурсу, паведамляе “Жыццё Палесся”.

Пры гэтым, адзін з удзельнікаў мабілізацыйных вучэнняў Павел Петрышчаў нават паведаміў пра сваю вайсковую спецыяльнасць: старэйшы кіроўца глыбіннай выведкі разведбатальёна.

У той жа час ваенны камісар Светлагорскага і Кастрычніцкага раёнаў Аляксандр Іваніцкі паведамляе, што мабілізацыя грамадзян і транспартных сродкаў  “ідзе ў штатным рэжыме. Для стварэння абстаноўкі, набліжанай да рэальнай, падчас мабілізацыйных вучэнняў праходзяць мерапрыемствы агнявой падрыхтоўкі на стрэльбішчы, размешчаным паблізу в. Стракавічы. Мясцовыя жыхары папярэджаны, што да 1 ліпеня будуць чутныя выбухі і стрэлы, таму неабходна праявіць асцярожнасць.

Днямі таксама стала вядома, што жыхароў некаторых вёсак Брагінскага раёна Гомельскай вобласці выклікаюць у сельсаветы для ўручэння позваў. У іх было пазначана, што неабходна з'явіцца з дакументамі, адзеннем і запасам харчавання на суткі. Мяркуецца, гэтых людзей потым адвязуць у ваенкамат.  Інфармацыі мала, таму зрабіць адназначную выснову, ці ёсць тут сувязь з мабілізацыяй, пакуль немагчыма.