Гомельскі аблвыканкам павысіў кошт праезду ў грамадскім транспарце вобласці
Палеская Вясна
14.12.2019
Рашэнне аб павышэнні тарыфаў на перавозкі пасажыраў змешчана на афіцыйным прававым партале Беларусі і ўступіла ў моц з 14 снежня.
Абласныя ўлады вырашылі, што цяпер за праезд у гарадскім грамадскім транспарце жыхарам вобласці давядзецца заплаціць 60 капеек за адну паездку. А ў аўтобусах экспрэсных маршрутаў - 70 капеек. Калі ж квіток набываецца ў кіроўцы, дык да ягонага кошту дадаецца яшчэ 5 капеек.
Таксама дадаткам да гэтага рашэнне вызначаны кошты праяздных квіткоў. Так, месячныя праяздныя ў гарадах, дзе жыве менш за 50 тысяч чалавек, будуць каштаваць 22,95 рубля, у гарадах з насельніцтвам ад 50 да 250 тысяч - 26,28 рубля, а ў абласным цэнтры - 27 рублёў.
У сувязі з чым і дзеля якіх мэтаў адбылося падвышэнне тарыфаў у рашэнні не згадваецца, пазначана толькі, што яно здзейснена на падставе адпаведнага ўказа прэзідэнта.