Пра пажар на Мазырскім НПЗ папярэджавала СБУ?

Юрый Іваненка 14.08.2023

>>

МНС Беларусі паведаміла, што на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе днямі адбыўся пажар з факельным гарэннем. Беларускія ратавальнікі аператыўна ліквідавалі ўзгаранне.

Полымя прабівалася з засаўкі ўстаноўкі па вытворчасці бензіну на вышыні болей за 40 метраў. Пацярпелых і абпаленых няма. Прычына ўзгарання высвятляюцца.

Цікава, што гэты пажар здарыўся праз тыдзень пасля афіцыйнага папярэджання, атрыманага ад СБУ (Служба бяспекі Украіны).

Нагадаем, што яшчэ 4 жніўня Служба бяспекі Украіны папярэдзіла, што расейская дыверсійна-выведвальная група, якая складаецца з кадравых афіцэраў ГРУ РФ, і якая цяпер знаходзіцца ў Беларусі пад выглядам т.зв. «добраахвотнікаў-вагнераўцаў», рыхтуе правакацыю менавіта на Мазырскім нафтаперабываючым заводзе з мэтай уцягвання Беларусі ў сапраўдную поўнамаштабную вайну з Украінай.

СБУ атрымала неабвержныя разведдадзеныя, якія сведчаць аб падрыхтоўцы расейскімі спецслужбамі маштабнай вайсковай правакацыі пад "чужым сцягам".

Інфармацыю аб гэтым запланаваным тэракце супрацоўнікі СБУ атрымалі па некалькіх крыніцах. У прыватнасці –  з паказанняў афіцэра выведкі ВС РФ, якога з дапамогай хітрасці ўкраінскія спецслужбы ўзялі ў палон.