Глядзіце, як на ўчастку ў Рэчыцы «апячаталі» памяшканне, дзе начуе выбарчая скрыня з рэкорднай колькасцю бюлетэняў!
Палеская Вясна
16.11.2019
Выбарчы ўчастак № 6 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэчыцкай выбарчай акругі № 44 месціцца ў будынку Гарадскога палаца культуры. Галасаванне адбываецца ў холе ўстановы. Тут жа захоўваецца скрыня з бюлетэнямі. На ноч памяшканне са скрыняй павінна апячатвацца. І камісія ўжыла вельмі арыгінальны спосаб апячатвання гэтага хола.
Як паведаміў назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валер Пуціцкі, зону, дзе знаходзяцца сталы выбарчай камісіі, кабіны для галасавання, і дзе на ноч пакінулі скрыню, у якую на працягу пяці дзён выбаршчыкі кідалі бюлетэні, проста абцягнулі паласатай бела-чырвонай стужкай. Вораг не пройдзе!
Звычайна такімі стужкамі абкутваюць небяспечныя месцы. Відаць, квадратныя метры, занятыя выбарчым абсталяваннем, камісія на чале з дырэктаркай Палаца культуры Алай Грыб палічыла небяспечнымі. Прынамсі, уночы. І заходзіць туды забараніла гэтай стужачкай. Ці гарантуе яна тое, што ў скрыню немагчыма ўкінуць іншыя, чым тыя, якія кідалі выбаршчыкі, альбо дапаўняльныя бюлетэні – пытанне рытарычнае.
А яшчэ на гэтым участку пайшлі на рэкорд – на датэрміновым галасаванні зрабілі яўку ў 44,9%, што ледзь не на 10% болей за афіцыйную сярэднюю па краіне, якая склала 35,77%. З 1490 выбаршчыкаў участка камісія паказала ўдзел у галасаванні 669 чалавек.