Спецвыпуск «Новага часу», прысвечаны правам зняволеных, распаўсюдзілі ў Рэчыцы
Палеская Вясна
04.11.2019
Актывісты праваабарончага цэнтру «Вясна» на цэнтральным рынку ў Рэчыцы раздалі некалькі соцень асобнікаў газеты «Новы час» са спецыяльным выпускам, прысвечаным тэме захавання элементарных правоў чалавека ў месцах зняволення.
Самі міліцыянты ды супрацоўнікі іншых карных органаў іншы раз любяць казаць людзям прыдуманае імі самімі выслоўе: «Тое, што вы дагэтуль на волі – гэта не ваша заслуга, а наша недапрацоўка». Альбо яшчэ: «Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца». Гэта гаворыць пра тое, што ў месцы пазбаўлення волі тэарэтычна можа трапіць нават самы законапаслухмяны грамадзянін нашай краіны.
Пра тое, у якіх умовах утрымліваюцца людзі, свабода якіх абмежаваная, распавядаецца ў некалькіх матэрыялах газеты. І варта, каб людзі ведалі пра гэтыя ўмовы, каб фармавалі сваё стаўленне да праблемы. Бо насамрэч, праблема тут ёсць і немалая.
Актывіст рэчыцкай філіі ПЦ «Вясна» Алег Карбалевіч так пракаментаваў гэтую праблему:
«Пакараннем, прадугледжаным Крымінальным кодэксам, з’яўляецца пазбаўленне свабоды. Але акрамя пазбаўлення свабоды ў месцах зняволення ў нашай краіне чалавек незаконна, без выраку суда, пазбаўляецца і яшчэ цэлага шэрагу правоў – права на жыццё (праз немагчымасць атрымліваць паўнавартаснае медычнае і псіхалагічнае абслугоўванне), свабоды ад катаванняў, жорсткага ці бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць, свабоды ад прымусовай працы. І гэта тычыцца не толькі тых, хто прызнаны судом вінаватым у здзяйсненні злачынстваў. У следчых ізалятарах і ізалятарах часовага ўтрымання, дзе знаходзяцца юрыдычна невінаватыя людзі, умовы не менш жахлівыя, ніж у турмах і калоніях, дзе зняволеныя адбываюць пакаранні. А ў так званыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі людзей змяшчаюць увогуле без прысудаў і там, насуперак міжнароднаму праву, прымушаюць працаваць амаль задарма. І гэтую сітуацыю варта змяняць. А змяніць яе зможа толькі такое грамадства, якое будзе мець пра яе дастатковае ўяўленне».
Жыхары Рэчыцы ахвотна бралі выданне, альтэрнатыўнае афіцыйным дзяржаўным газетам, якія многіх прымушаюць выпісваць на працах.