Каб людзі разумелі. У Рэчыцы актывісты пашыраюць інфармацыю супраць смяротнага пакарання
Палеская Вясна
11.10.2019
Акцыю, прысвечаную Тыдню супраць смяротнага пакарання, які праводзіцца ў Беларусі з 5 па 10 кастрычніка, правялі актывісты мясцовай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» ды іншых дэмакратычных арганізацыяў.
Кіраўнік Рэчыцкага аддзялення ПЦ «Вясна» Валер Пуціцкі адзначыў, што пакуль многія жыхары горада не разумеюць усёй злачыннасці таго, што ў Беларусі – адзінай краіне ў Еўропе, ад імя дзяржавы людзей пазбаўляюць жыцця.
«Стасуючыся з жыхарамі, чытаючы каментары ў сацыяльных сетках, я пакуль, на вялікі жаль, бачу, што многія рэчычане выступаюць за смяротнае пакаранне. Літаральна сёння ў адным з гарадскіх паблікаў змешчаны пост пра забойства дзіцяці, і там адразу пасыпаліся каментары – «павесіць», «расстраляць». Людзі не разумеюць, што забіваючы іншых людзей ад імя дзяржавы, дзяржава памнажае жорсткасць у грамадстве і сама правакуе такія ж паводзіны людзьмі. А мне на памяць прыходзіць нядаўна апісаны ў СМІ выпадак, калі ў Польшчы вызвалілі чалавека, які адседзеў за няздзейсненае ім злачынства 25 гадоў. Яго прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але праз 25 гадоў разабраліся і апраўдалі. А калі б, паводле нашых законаў, яго расстралялі? Разабраўшыся, што ён не вінаваты, вызваляць ужо не было б каго! Таму, я ўпэўнены, што не дзяржава жыццё чалавеку давала, не дзяржаве яго ў чалавека, што б ён не здзейсніў, і адбіраць!»
– лічыць рэчыцкі паваабаронца Валер Пуціцкі.
Ён, разам з іншымі актывістамі з ПЦ «Вясна» і Партыі БНФ на цэнтральным рынку Рэчыцы раздалі жыхарам горада каля паўтары сотні асобнікаў спецыяльнага выпуску газеты «Народная Воля», прысвечанага тэме смяротнага пакарання.
Варта адзначыць, што людзі ахвотна бралі выданне. І ёсць спадзяванне, што кагосьці з іх інфармацыя, змешчаная на старонках дэмакратычнай газеты, падштурхне да разважанняў наконт тэмы, якую дзяржаўныя медыі папросту замоўчваюць. І з часам грамадская думка наконт магчымасці выкарыстання ў Беларусі пакарання смерцю зменіцца.