У Калінкавічах раённая газета ігнаруе выбарчую кампанію
Андрусь ГАЁВЫ
13.09.2019
З пачатку верасня ў Калінкавіцкім раёне адбыўся шэраг важных падзеяў, звязаных з арганізацыяй выбарчага працэсу. Але на старонкі мясцовай газеты «Калінкавіцкія навіны» і яе сайту яны не трапляюць.
З верасня Калінкавіцкі райвыканкам змяніў сваё рашэнне «Аб вызначэнні ў Калінкавіцкім раёне месцаў, забароненых для пікетавання», прынятае 23 жніўня, крыху яго лібералізаваўшы. У пачатковай версіі было забаронена ставіць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на дэпутаты на адлегласці, меней за 50-метраў ад райвыканкама, суда, пракуратуры, ваеннага камісарыяту, раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных справаў, лінейнага пункта міліцыі на чыгуначнай станцыі Калінкавічы і тэрыторыяў установаў адукацыі, а таксама за 100 метраў ад будынкаў Цэнтральнай раённай лякарні. У версіі са зменамі ад 3 верасня забаронена пікетаваць толькі бліжэй 50 метраў ад райвыканкама, суда, пракуратуры, АУС (выключылі ваенкамат, РАНС, лінейны пункт міліцыі на станцыі і ўстановы адукацыі), а таксама «на тэрыторыі ўстановы аховы здароўя “Калінкавіцкая цэнтральная раённая лякарння“».
Але ў мясцовай газеце з'явілася толькі першая версія. Лібералізаваную «Калінкавіцкія навіны» вырашылі не друкаваць. На сайце газеты дагэтуль таксама размешчаная версія гэтага рашэння без унесеных у яго зменаў.
9 верасня Калінкавіцкі райвыканкам адпаведным сваім рашэннем утварыў у раёне 72 выбарчыя ўчасткі, вызначыўшы іхнія межы і памяшканні, дзе будуць месціцца ўчастковыя выбарчыя камісіі. Але і гэты дакумент не змешчаны ні ў нумары «раёнкі» за 10-е верасня, ні ў нумары за 12-е.
За прайшоўшы тыдзень у акруговай выбарчай камісіі адбыліся чатыры паседжанні, абраны старшыня, яе намеснік і сакратар, зарэгістраваныя некалькі ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. У горадзе пачалі праводзіцца пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў (11 верасня пікет ладзіў прэтэндэнт на кандыдацтва з Акцябрскага Юрый Юкоўскі). Але і гэты этап калінкавіцкія дзяржаўныя журналісты не палічылі вартым сваёй увагі.
У нумары за 10 верасня «Калінкавіцкія навіны» друкавалі інфармацыю пра кіроўцу, які апошнім у раёне перавёз тысячу тон збожжа, размяшчалі разважанні начальніка занальнага вузла электрасувязі пра сістэму «разумны горад» на 90% газетнай паласы, і на цэлую паласу – перадрук аднекуль інтэрв'ю чыноўніцы цэнтральнага апарата Мінпрыроды пра планы ведамства ў выкарыстанні адкідаў. 12-палосны нумар за 12 верасня выпусцілі амаль цалкам прысвечаным маючаму адбыцца 13 і 14 верасня ў Калінкавічах фестывалю народнага гумару «Аўцюкі», дадаўшы да матэрыялаў пра фэст інтрв'ю з начальнікам райаддзелу следчага камітэта, які ў гэты дзень адзначаў дату свайго стварэння, матэрыял пра мастачку-керамістку і свята прыгараднай вёскі Дудзічы.
Відаць, для калінкавіцкіх журналістаў, гэтак жа, як і для мясцовых чыноўнікаў, пакуль фестываль гумару важней за абвешчаную Лукашэнкам кампанію змены складу Палаты прадстаўнікоў.