Зарэгістраваныя першыя ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Андрусь ГАЁВЫ
07.09.2019
У галоўных гарадах Палесся прайшлі паседжанні акруговых выбарчых камісіяў, на якіх разгледзелі пытанні аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.
Усе ініцыятыўныя групы, якія падаваліся на рэгістрацыю, яе атрымалі. У Мазыры зарэгістраваныя тры ініцыятыўныя групы грамадзян. Першая будзе спрабаваць вылучыць кандыдатам у дэпутаты часова непрацуючага Уладзіміра Неўмяржыцкага. У складзе гэтай групы вядомы палітык Мікалай Статкевіч. Другая група будзе збіраць подпісы ў падтрымку мантажніка Міхаіла Бандарэнкі, і ў яе складзе таксама дзеяч БНК Яўген Афнагель. Трэцяя зарэгістраваная група зоймецца збіраннем подпісаў за вылучэнне кандыдаткай на дэпутата сябры праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, старшыні Мазырскага райсавета дэпутатаў і цяперашняй дэпутаткі абласнога савета Валянціны Назаранкі.
Варта таксама адзначыць, што праз два тыдні пасля прыняцця Мазырскі райвыканкам змяніў сваё рашэнне пра вызначэнне ўчасткаў, дзе забароненае пікетаванне па зборы подпісаў за вылучэнне кандадатамі на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. З забароненых тэрыторыяў выдалілі месцы бліжэй за 50 метраў ад ваенкамата, аддзела па надзвычайных сітуацыях, установаў адукацыі і бліжэй за 100 метраў ад установаў аховы здароўя. Цяпер на гэтых месцах выстаўляць пікеты для збору подпісаў можна. Нельга толькі бліжэй за 50 метраў ад райвыканкама, суда, пракуратуры і міліцыі, а таксама на саміх тэрыторыях аўтавакзала і ўстановаў аховы здароўя. То бок, калі камусьці ў лякарнях ці паліклінічных установах Мазыршчыны прапануюць падпісацца за нейкага кандыдата на дэпутата, пра гэта варта паведамляць назіральнікам, бо гэта будзе лічыцца парушэннем парадку правядзення выбарчай кампаніі.
Акруговая камісія Светлагорскай выбарчай акругі зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы. 22 чалавекі будуць спрабаваць вылучыць кандыдатам на дэпутата Змітра Савіча. 163 асобы лічацца чальцамі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам на дэпутата Палаты прадстаўнікоў галоўнага лекара Светлагорскай цэнтральнай раённай лякарні і кіраўніка мясцовага аддзялення праўладнага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Ігара Таўтына. Варта адзначыць, што напярэдадні паседжання свае дакументы ў камісію падаваў і яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат Андрэй Смалянчук, але ягоныя звесткі камісія не паспела спраўдзіць, таму разгляд ягонай заявы будзе пазней. Падчас падачы заявы адбыўся інцыдэнт, калі Андрэя не пускалі ў будынак райвыканкама, дзе да 19-й гадзіны мусіць працаваць выбарчая камісія, бо сам выканкам працуе толькі да 17.30, а патэнцыйны кандыдат прыйшоў падаваць дакументы а 18.30. Праўда, пасля высвятленняў акалічнасцяў працы камісіі пытанне вырашылася станоўча і Андрэя дапусцілі ў камісію для падачы дакументаў.
Дзве ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя ў Рэчыцы. Там сабраць тысячу подпісаў за вылучэнне кадыдаткаю на дэпутата ПП будуць спрабаваць сябры ініцыятыўнай групы чальца ГА «Гавары праўду» Таццяны Ласіцы. Другая ініцыятыўная група паспрабуе падтрымаць кіраўніка Рэчыцкага нафтагазаздабываючага ўпраўлення «Рэчыцанафта» Сяргея Стэльмашка.
Тамара Зайцава
Пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Калінкавіцкай акругі зарэгістравала тры ініцыятыўныя групы. Першая – група пенсіянеркі з Калінкавічаў Тамары Зайцавай. Другая група будзе аказваць падтрымку чальцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі, індывідуальнаму прадпрымальніку з Акцябрскага Юрыю Юкоўскаму. Трэцяя група паспрабуе назбіраць тысячу подпісаў за вылучэнку ад ГА «Гавары Праўду» Вольгу Павук таксама з Акцябрскага. Дарэчы, апошняя – жонка вядомага ў Акцябрскім і наваколлі відэаблогера Андрэя Павука, якога «Гавары Праўду» вылучала ў чальцы акруговай выбарчай камісіі, але ўлады яго туды чакана не ўключылі.
Аляксандр Елісееў
Падчас пасяджэння Калінкавіцкай акруговай камісіі на яго зноў паспрабаваў трапіць з відэакамерай у якасці выбаршчыка, які хоча бачыць адкрыты выбарчы працэс, сябра АГП Аляксандр Елісееў, але яго туды зноў не дапусцілі.
Этап выучэння кандыдатаў на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў працягнецца ад 8 верасня да 7 кастрычніка. Не пазней як 7 кастрычніка ініцыятыўныя групы мусяць здаць падпісныя лісты з сабранымі подпісамі ў акруговыя выбарчыя камісіі, якія пасля будуць разглядаць пытанні аб рэгістрацыі тых ці іншых асобаў кандыдатамі на дэпутатаў.