Пачалі судзіць блогера з Калінкавічаў Віталя Манько

Стах МАЗЫРСКІ 26.04.2019

25 красавіка ў судзе Мазырскага раёна адбылося першае паседжанне па абвінавачванні блогера з Калінкавічаў Віталя Манько ў стварэнні фінансавай піраміды «Элеўрус».

sud_Mazyrskaha_rajona

Віталь Манько вядомы сваім відэаблогам, у якім ён выкрываў злоўжыванні міліцыі, дапамагаў людзям дамагацца справядлівасці. У чэрвені мінулага года яго арыштавалі паводле падазрэнняў у фінансавым махлярстве. Манько зняволілі ў Гомельскі СІЗА, дзе ён на знак пратэсту супраць невыканання правоў абвінавачанага працяглы час трымаў галадоўку. Сваякі і знаёмыя Віталя адпрэчваюць абвінавачванні ў стварэнні фінансавай піраміды «Элеўрус», якія яму інкрымінуюць праваахоўнікі.

Судовае пасяджэнне адбываецца пад старшынствам суддзі Анатоля Стрэльчанкі, старшыні суда Мазырскага раёна. Да пачатку судовага пасяджэння да прысутных звярнуўся міліцыянт з канвою, які папярэдзіў аб забароне весці аўдыё-  фота- і відэазапісы. Яму актыўна запярэчылі прысутныя, спасылаючыся на заканадаўства. У залі прысутнічалі таксама карэспандэнты дзяржаўных СМІ - галоўны рэдактар мазырскай раённай газеты «Жыццё Палесся» Ларыса Чорная і здымачная група тэлеканала «Мозырь».

Суддзя дазволіў весці аўдыёзапіс і рабіць фота- і відэаздымкі падчас перапынкаў, аднак папярэдзіў, што калі ўсё гэта з’явіцца ў сеціве, аўтары могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Але падчас перапынкаў міліцыянты выводзілі Віталя Манько з залі паседжанняў, каб ён не мог кантактаваць з прысутнымі, у тым ліку з журналістамі і праваабаронцамі.

Хадайніцтва Манько аб тым, каб ягоная жонка была абаронцай яго інтарэсаў суддзя адхіліў. Пасьля адводу яе кандыдатуры Стрэльчанка адмовіў і ў хадайніцтве быць прадстаўніком брату Віталя Манько. Прычына – яны праходзілі ў справе і давалі тлумачэнні.

На першым пасяджэнні акрамя вырашэння працэдурных пытанняў і хадайніцтваў адбылося зачытванне абвінаваўчага заключэння супрацоўнікамі пракуратуры. Пракуроры зачытвалі абвінавачванне амаль 5 гадзінаў, па чарзе, з перапынкам на абед. Віталя Манько абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкула 209 (махлярства ў буйным памеры, пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў) і ч.3 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць арганізаванай групай, пакаранне – штраф альбо пазбаўленне волі, тэрмінам ад 2 да 7 гадоў) Крымінальнага кодэкса.

 

Акрамя Манько на пасяджэнні былі яшчэ іншыя абвінавачаныя паводле ч. 3 арт. 233 і ч.1 арт. 427  КК РБ. Прысутнічалі і пацярпелыя ад дзейнасці фінансавай піраміды. Усяго прысутнічала больш за 60 чалавек. Зала судовага паседжання была цалкам запоўненая.

Суддзя вызначыў парадак допыту ў судзе – спачатку абвінавачаныя, потым пацярпелыя, сведкі і пасля - даследаванне матэрыялаў справы.

Акрамя ўсяго пракурор Гомельскай вобласці падаў зыск аб спагнанні з усіх абвінавачаных пэўных грашовых сродкаў.

Наступнае паседжанне па справе павінна адбыцца 14 траўня 2019 года а 10.00 і далей штотыдзень у аўторкі, серады і чацвяргі да заканчэння працэсу.

 

Каментар праваабаронцы:

Уладзімір ЦЕЛЯПУН:

Непрыемна ўразіла падчас судовага паседжання (асабліва яго першай часткі з 10-00 да 13-00) тое, што не выкарыстоўваліся мікрафоны, усталяваныя перад суддзёй і пракурорамі. Астатнія абвінавачаныя і пацярпелыя таксама не падыходзілі да мікрафонаў. Прысутным было вельмі кепска чуваць.

Гэта магчыма разглядаць як непавагу да Права. Здзяйсненне правасудзя з абмежаваннем права на атрыманне дакладнай, поўнай інфармацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якія прысутнічалі ў залі судовага пасяджэння.