Беларускі назіральнік: “Арганізацыя выбараў ва Украіне на 180 градусаў адрозніваецца ад беларускай”
Андрусь ГАЁВЫ
30.03.2019
Заўтра Украіна будзе абіраць прэзідэнта. Першы паслярэвалюцыйны тэрмін Пятра Парашэнкі прынёс як задавальненне сапраўднай незалежнасцю і еўрапейскім “бязвізам”, так і расчараванне пагаршэннем умоваў жыцця большасці людзей. Зараз – новыя выбары і новыя спадзяванні. Пра тое, як арганізаваныя выбары ва Украіне, чым яны адрозніваюцца ад беларускіх, якія настроі пануюць ва ўкраінскім грамадстве напярэдадні галасавання ў першым туры, Палеская Вясна паразмаўляла з Валерам Пуціцкім – грамадскім актывістам з Рэчыцы, які ўдзельнічае ў місіі міжнароднага назірання на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне.
- Спадар Валер, найперш, хацелася б даведацца, ці адрозніваецца арганізацыя ўкраінскіх выбараў ад арганізацыі выбараў прэзідэнта ў Беларусі і, калі так, то ў чым палягае адрозненне.
- Можна казаць, што арганізацыя выбараў ва Украіне адрозніваецца ад беларускай на 180 градусаў. Калі ў нас дзеючыя ўлады імкнуцца ўсяляк абмежаваць магчымасці кантроля за празрыстасцю выбараў, дык тут наадварот гэтаму кантролю і празрыстасці ўсё спрыяе. Склад выбарчых камісіяў у нас фармуецца досыць няўцямным чынам прадстаўнікамі тае палітычнай сілы, якая ў цяперашні момант знаходзіцца пры ўладзе – то бок, мясцовымі выканаўчымі органамі, якія фармуюцца і наўпрост падначаленыя дзеючаму прэзідэнту. А ён у сваю чаргу, заўжды таксама вылучаецца на новы тэрмін.
Ва Украіне сітуацыя з гэтым дыяметральна супрацьлеглая. Тут склады выбарчых камісіяў фармуюцца з прадстаўнікоў кожнага кандыдыта. І цяперашнія выбары – проста найяскравейшая ілюстрацыя таго, як гэта адбываецца. Зараз на пасаду прэзідэнта прэтэндуюць ажно 39 кандыдатаў. І, адпаведна, у кожнай камісіі можа быць 39 чальцоў. Праўда, некаторыя кандыдаты не маюць столькі сваіх прадстаўнікоў у рэгіёнах, каб уключыць іх у склады камісіяў у кожнай акрузе і на кожным участку. Тым не менш, у горадзе Мікалаеве, дзе я ажыццяўляю назіранне, у трох гарадскіх акругах і двух у вобласці, у складзе акруговых камісіяў і сапраўды па 36 чальцоў. Ва ўчастковых камісіях, на тых участках, дзе мне давялося пабыць, прыкладна па 14 – 16 чальцоў ад розных кандыдатаў. Зразумела, што гэтыя чальцы камісіяў сочаць адзін за адным, і такім чынам выключаецца магчымасць фальсіфікацыяў з боку камісіі на карысць нейкага канкрэтнага кандыдата. Гэтак жа і абранне старшыні камісіі – напачатку кампаніі ў Кіеве адбывалася адмысловая працэдура лёсавання, калі прадстаўнікі розных кандыдатаў цягнулі жэрабя і такім чынам вызначалася чый прадстаўнік будзе старшынстваваць у пэўнай камісіі, а чый будзе намеснікам старшыні.
- У Беларусі існуе працэдура датэрміновага галасавання, калі нібыта чалавек ведае, што ў дзень выбараў не зможа прыйсці на ўчастак, то ён можа прагаласаваць на працягу тыдня да дня галасавання, але на якое па факце, як вядома, спецыяльна заганяюць нават, вызваляючы на нейкі час ад працы. Ці ёсць нешта падобнае ва Украіне?
- Тут добра разумеюць, што цэлы тыдзень галасавання – гэта наўпроставая магчымасць для фальсіфікацыяў. Таму тут такога няма. Калі ў цябе ёсць нейкая важкая нагода для таго, што ты не зможаш прыйсці на выбарчы ўчастак па месцы рэгістрацыі ў дзень выбараў, але ты дужа хочаш выказаць свой голас, ты можаш узяць адмацавальны талон і прагаласаваць там, дзе ты бузеш у дзень выбараў знаходзіцца. Але для гэтага трэба прадставіць у выбарчую камісію дакументы, якія б пацьвярджалі паважлівасць нагоды твайго адмацавання. Толькі жыхары акупаваных і анэксаваных Расіяй тэрыторыяў могуць без аніякіх талонаў, проста паводле пашпарту грамадзяніна Украіны з прапіскай на тых тэрыторыях галасаваць на любым участку на тэрыторыі, якая кантралюецца Украінай.
- А якая роля мясцовых уладаў ва Украіне ў арганізацыі выбарчага працэсу?
- Мясцовыя ўлады тут толькі прадстаўляюць камісіям памяшканні і аргтэхніку. Ні на фармаванне камісіяў, ні на іх працу яны ніяк уплываць не могуць, ды і не хочуць. Усё фінансаванне адбываецца з цэнтру.
- А ці ёсць нейкія адрозненні паміж беларускімі і ўкраінскімі выбарамі пры вылучэнні кандыдатаў?
- Тут працэдура неадназначная. Калі ў нас для вылучэння кандыдатам трэба збіраць подпісы, дык тут трэба збіраць грошы. Каб цябе зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты ты мусіш унесці 2,5 мільёны грыўняў задатку. Прычым вяртаецца гэты задатак толькі тым, хто прайшоў у другі тур. Магчыма таму тут такая цесная повязь кандыдатаў з мясцовымі алігархамі.
- А як Вы ацэньваеце хаду агітацыі перад гэтымі выбарамі?
- Я б сказаў, што большасці кандыдатаў тут амаль не чутна і не бачна. Відавочна, што яны выконваюць тэхнічную ролю на карысць фаварытаў прэзідэнцкай выбарчай гонкі. Ды і асноўная агітацыя адбываецца ў інтэрнэце і на тэлебачанні. Паколькі галоўныя тэлеканалы тут прыватныя і належаць пэўным алігархам, якія падтрымліваюць таго альбо іншага кандыдата, то ідзе змаганне паміж тэлеканаламі. Так бы мовіць, агітацыя ў аф-лайне тут даволі кволая. У тым жа Мікалаеве стаяць некалькі намётаў, дзе вісяць плакаты з праграмамі кандыдатаў, ля якіх амаль незаўважна аніякага варушэння. Некалькі дзён таму тут адбыўся мітынг аднаго з кандыдатаў, на якім выступаў вядомы украінскі спявак. На плошчы было каля двух тысяч чалавек. І ўсё гэта ахоўвалі каля 200 паліцэйскіх, якія ніяк не ўмешваліся ў хаду мерапрыемства. Больш мерапрыемстваў падобнага маштабу ад іншых кандыдатаў за ўсю кампанію ў Мікалаеве не было.
Дарэчы, варта адзначыць выгляд выбарчых бюлетэняў цяперашніх украінскіх выбараў. Гэта такі аркуш-ручнік, даўжынёй у 80 сантыметраў, дзе ў алфавітным парадку запісаныя толькі прозвішчы ўсіх 39 кандыдатаў. І каб знайсці таго, за каго маеш прагаласаваць, трэба яшчэ някепска напружыцца. Даволі вялікая праблема для выбарчых камісіяў таксама размяшчэнне праграмаў кандыдатаў на выбарчых участках. Гэта плакаты, памерам недзе метр на метр. І іх трэба на ўчастку змясціць таксама 39 штук, нікога не пакрыўдзіўшы.
- Дык ці вераць украінцы ў тое, што выбары неяк паўплываюць на іх жыццё?
- Са зносінаў з жыхарамі ў мяне склалася ўражанне, што ў людзей спадзяванні ёсць. Калі ў нас размаўляеш з людзьмі, то многія разумеюць, што як ты не галасуй – напішуць тое, што трэба і зноў будзе кіраваць той самы і нічога не зменіцца. Тут многія разумеюць, што паводле вынікаў галасавання яны маюць рэальную магчымасць атрымаць на найвышэйшай дзяржаўнай пасадзе новага чалавека, а значыць, і нейкія змены. Іншая справа, ці будуць гэтыя змены сапраўды плённымі. Бо, нягледзячы на ўсе рэформы, якія рабіў падчас свайго першага тэрміну Пятро Парашэнка, народ не стаў лепей жыць. У тым Мікалаеве даводзіцца чуць нараканні на адсутнасць працы, асабліва ад жанчын, яны тут радыя і заробку ў 100 даляраў. Пры гэтым прадукты каштуюць альбо як у нас, альбо нават даражэй (напрыклад, малочка), дарогі кепскія, нават нягледзячы на славутую дэцэнтралізацыю. Такое адчуванне, што грошы тут проста раскрадаюць. Таму, як мне здаецца, і вынікі сацапытанняў не на карысць прадстаўнікоў сістэмнай палітыкі.
- А як у выбарчых камісіях ставяцца да міжнародных назіральнікаў?
- Здаецца, што нас тут гатовыя на руках насіць! У Беларусі пры з’яўленні міжнародных назіральнікаў іх могуць і папросту адшыць, а айчынным непраўладным ствараюць якія толькі магчыма перашкоды. На тое, што амаль усе значныя выбары сусветная супольнасць не прызнае, нашыя ўлады ўжо даўно не зважаюць. Тут жа ў камісіях, асабліва акруговых, радыя, што за іхняй дзейнасцю сочыць свет. Участковыя камісіі крыху бянтэжацца, калі мы з’яўляемся, бо сваіх яны ведаюць, а тое, што менавіта іхняя камісія прыцягнула ўвагу міжнароднага назірання выклікае пэўную заклапочанасць. Але аніякіх пытанняў у працы не ўзнікае, стаўленне дабразычлівае. Таму, пабачым, што пакажуць самі выбары, першы тур галасавання на якіх адбудзецца ўжо заўтра.