У Ельску заўважаны немясцовыя людзі з рэпрэсіўных органаў

Цімур Казачэнка 18.02.2023

>

У Ельску 17 лютага былі заўважаны нетутэйшыя людзі з рэпрэсіўных органаў. Магчыма, гэта тыя самыя, што ў папярэднія дні праводзілі аблавы ў Светлагорску.

Яны перасоўваліся па горадзе на характэрных мікрааўтобусах, засяліліся ў гатэль і харчаваліся ў рэстаране. Для мясцовых жыхароў гэта выглядае шыкоўным узроўнем. Не выключана, што ў бліжэйшыя дні ў Ельскім і суседніх раёнах могуць адбыцца вобыскі і затрыманні грамадзян, якія выказвалі нязгоду з правячым у Беларусі рэжымам.

У Светлагорску 14 – 15 лютага было затрымана каля 17 чалавек і заведзены справы па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці – гэта падпіскі на інтэрнет-каналы, якія улады аб’явілі «экстрэмісцкімі» і т. п.). На грамадзян мясцовым судом былі накладзены арышты і штрафы.

На здымку: Ельскі РАУС.