У студзені дні народзінаў адзначаюць палітвязні, якія адбываюць пакаранне ў Мазыры

Жорж Кунцэвіч 07.01.2024

>>

У Мазырскай папраўчай ўстанове адкрытага тыпу № 21 адбываюць пакаранне 17 палітзняволеных. Трое з іх нарадзіліся ў студзені і іх можна павіншаваць з днём нараджэння лістом ці паштоўкай, альбо даслаць невялікую бандэрольку.

17 студзеня 1987 нарадзіўся мінчук Антон Камароўскі. Ён  быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Такое рашэнне прыняў 24 снежня 2021 г. суд Фрунзенскага раёна Мінска.

Жыхар Мінска Арцём Заблоцкі нарадзіўся 29 студзеня 1990 года. Быў затрыманы 22 верасня 2021 года, а ўжо 30 лістапада ў Заводскім судзе Мінска яму быў вынесены прысуд паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:  тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Справу разгледзеў суддзя Алег Каляда. 

А 6 студзеня, якраз на Каляды, дзень народзінаў адзначыў жыхар Ліды Арсеній Шчарбінін. Яго затрымалі 10 верасня 2021 года.

Арсенію было прад'яўлена абвінавачванне па крымінальнай справе па арт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі) і арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з абвінавачваннем, Шчарбінін і яшчэ чатыры чалавекі, дзейнічаючы ў групе з іншымі асобамі, кідалі часткі тратуарнай пліткі і іншыя прадметы ў міліцэйскія машыны. Гэта датычыцца акцыі пратэсту ў Лідзе 12 жніўня 2020 года.

Арсенія прысудзілі да трох гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Адрас для лістоў: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 21. 247783, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, 24