Выйшаў на волю палітвязень з Рэчыцы Барыс Кайзер
Жорж Кунцэвіч
21.11.2023
>>
Праваабаронцам "Гомельскай вясны" стала вядома, што цалкам адбыўшы пакаранне у лістападзе, выйшаў на волю палітзняволены Барыс Кайзер з Рэчыцы.
24 жніўня 2022 г. ў судзе Рэчыцкага раёна, так званы суддзя Станіслаў Іванюценка вынес Барысу прысуд па ч. 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Яго пакаралі пазбаўленнем волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 1 год і 3 месяцы.
Барыса Кайзера асудзілі за відэа, размешчанае ў працоўным чаце Рэчыцкага метызнага завода, на якім ён тады працаваў. Падчас застолля ён выказаў меркаванне, што Расія ў вайне з Украінай пацерпіць паражэнне і асудзіў дзеянні Лукашэнкі.
Пад час следства і на судзе мужчына сцвярджаў, што відэа выпадкова патрапіла ў працоўнны чат – дзіця гулялася з яго тэлефонам і адправіла відэа.
Пакаранне мужчына адбываў ў калоніі № 1 г. Наваполацка, што ў Віцебскай вобласці.
25 лістапада 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла Барыса Кайзера ў спіс "экстрэмістаў".