Жыткавічы: хто той суддзя, які класіка беларускай літаратуры залічыў у экстрэмісты

Жорж Кунцэвіч 15.11.2023

>>

Суд Жыткавіцкага раёну 8 лістапада прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі зборнікі твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паведамляюць праваабаронцы.

Пад забарону патрапіў збор твораў у двух тамах класіка беларускай літаратуры, заснавальніка нацыянальнай драматургіі, які быў выдадзены у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2007-2008 гадах. Мяркуючы па спісе “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, гэта першы раз, калі туды ўключылі кнігу дзяржаўнага выдавецтва.

У жніўні "экстрэмісцкімі" прызналі таксама прадмову Язэпа Янушкевіча да выдання творчаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і вершы Дуніна-Марцінкевіча “Плывуць вятры” і “Гутарка старога дзеда” ад 1861 года.

Відавочна, што суддзя, які прыняў такое ганебнае рашэнне, вывучаў творы класіка беларускай літаратуры яшчэ ў школе. Не выключана, што датычным да гэтай справы з’яўляецца старшыня раённага суда, ураджэнец Мазыра Андрэй Багданік. Прынамсі, гэта з ягонай згоды такую пастанову прынялі ў Жыткавічах.

На фота: суддзя Андрэй Багданік.