У Калінкавічах агітуюць за кандыдата Маратаева, датычнага да пераследу праваабаронцаў і актывістаў

Жорж Кунцэвіч 10.02.2024

>

Кандыдат ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Калінкавіцкай выбарчай акрузе №41 Мікалай Маратаеў актыўна ўключыўся ў агітацыйныя мерапрыемствы: у Калінкавічаў праходзяць пікеты ў ягоную падтрымку, ладзяцца сустрэчы з выбаршчыкамі.

Так, 7 лютага ў гарадскім парку ў падтрымку Маратаева агітацыйны пікет правяла ініцыятыўная група "Белай Русі". І гэта пры тым, што Маратаеў лічыць сябе беспартыйным, і вылучаўся шляхам збору подпісаў ад працоўнага калектыву, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Мікалай Маратаеў працуе намеснікам старшыні Гомельскага абласнога суда. Ён вядомы тым, што разглядаў апеляцыйныя скаргі гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі і іншых «вясноўцаў», скаргу Паліны Шарэнда-Панасюк і некаторых іншых жыхароў Гомельшчыны, асуджаных па крымінальных справаў палітычнага падтэксту.

Ягоны канкурэнт па выбарчай акрузе Анатоль Станіслаўчык, які з“яўляецца дырэктарам Акцябрскага малочнага завода, агітацыйнай актыўнасці практычна не праяўляе.