У Гомелі прэзентавалі кампанію ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

Андрусь ГАЁВЫ 25.12.2019

Грамадскія актывісты абласнога цэнтра вырашылі дамагчыся ад дзяржавы належнага ўшанавання памяці бязвінна забітых жыхароў Гомеля і прылеглых населеных пунктаў падчас палітычных рэспрэсіяў 1930-х – 1950-х гадоў.

Кампанія запачаткаваная каля месяца таму. Яе ініцыятары – журналістка Ларыса Шчыракова, а таксама актывісты, які збіралі матэрыялы, што датычацца звестак пра рэпрэсіі ў часы сталінізму.

23 снежня ў памяшканні журналіскай супольнасці «Медыяпрастора» адбылася прэзентацыя кампаніі. Падчас яе вызначаныя асноўныя мэты грамадскай кампаніі, накірункі дзейнасці, а таксама прыняты тэкст звароту, які мяркуецца накіраваць у органы ўлады пасля таго, як пад ім збярэцца дастатковая колькасць подпісаў.

Цяперашнія намаганні ва ўшанаванні ахвяраў – не першыя. Яшчэ ў 1990-я на выездзе з Навабеліцкага раёну Гомеля ў бок Чарнігава па абодва бакі аўтатрасы ў так званых Бутулінскім лесе і Шчакатоўскім лесе былі выкрытыя ўчасткі масавых пахаванняў чалавечых парэшткаў. Падчас раскопак знаходзілі чалавечыя косткі, чарапы з адтулінамі ад стрэлаў, а таксама шэраг побытавых рэчаў – гузікі, акуляры і г.д. Тады актывісты звярталіся ў пракуратуру, каб тая дала ацэнку гэтым жудасным знаходкам.

Як вынікае з адказу пракуратуры, які цытаваўся тады ў абласной газеце «Гомелская праўда», тыя пахаванні былі зробленыя да 1941 – пасля 1943 гадоў. Але дакладнага навуковага вывучэння пахаванняў не праводзілі. Звесткі пра некаторых рэпрэсаваных, якія ўдалося знайсці ў архівах, змясцілі ў падрыхтаваную тады кнігу «Памяць» па Гомельскім раёне. Сярод тых, хто трапіў у жорны камуністычнай карнай машыны – звычайныя сяляне, настаўнікі, інжынеры.

Андрэй СКІДАН

Ларыса Шчыракова распавяла пра тое, што пазней для фіксацыі памяці пра бязвінна забітых камуністычнымі карнікамі людзей шмат зрабіў журналіст Кастусь Жукоўскі. Ён з’яўляецца аўтарам фільму «Лес смерці», у якім сабраныя вусныя сведчанні сваякоў рэпрэсаваных.   

На месцах, дзе былі знойдзеныя пахаванні, людзі ўсталявалі крыжы і камяні. Пазней стала традыцыяй у грамадскіх і палітычных актывістаў Гомеля на Дзяды наведваць гэтыя жалобныя мясціны і ўскладаць кветкі да крыжоў, праводзіць сумесныя малітвы як праваслаўнай, так і каталіцкай грамадаў горада.

 Але на дзяржаўным узроўні памяці ахвяраў камуністычнага тэрору ўвагі не надаецца, месцы масавых пахаванняў уладамі папросту ігнаруюцца, косткі выкопваюцца  і расцягваюцца жывёламі, а ў генплане гораду на месцы аднаго з пахаванняў у Шчакатоўскім лесе запланаваны мікрараён шматпавярховай забудовы.

Анатоль ГАТОЎЧЫЦ (злева) і Андрэй АНАНЬЕЎ

Каб прымусіць гарадскія ўлады надаць даніну памяці загінулым і належным чынам яе ўшанаваць, перапахаваўшы парэшткі ахвяраў і ўсталяваўшы годны мемарыял на месцы масавых расстрэлаў, грамадская ініцыятыва, якая атрымала назву «Забітыя і забытыя», мяркуе звярнуцца ў гарвыканкам, аблвыканкам, пракуратуру горада і вобласці, абласныя ўпраўленні Камітэту дзяржаўнай бяспекі і Следчага камітэту. Ад гэтых органаў плануецца запатрабаваць, каб тыя ініцыявалі археалагічныя раскопкі на месцах масавых пахаванняў люзей з удзелам навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадскасці.

Зацікаўленыя ва ўвекавечванні памяці ахвяраў сталінізму ў Гомелі ўжо зараз маюць намер сабраць усе магчымыя сведчанні пра рэпрэсаваных, знайсці іх жывых сваякоў, якім дапамагчы звярнуцца ў архівы і даведацца ўсю праўду пра тое, што адбылося з іх роднымі. Пра свае высілкі ў гэтым напрамку падчас прэзентацыі распавялі актывісты Андрэй Скідан і Андрэй Ананьеў. Журналісты Анатоль Гатоўчыц і Марыя Шыманоўская ўзгадалі тое, што ім вядома пра рэпрэсіі з тых часоў, калі яны працавалі ў дзяржаўных СМІ вобласці. Напрыканцы прэзентацыі мясцовы бард Вячаслаў Кізін заспяваў адмыслова напісаную пра гэтую тэму песню.

Марыя ШЫМАНОЎСКАЯ (у цэнтры)

«Сёння няма нават дыялогу паміж грамадскасцю і ўладамі наконт тэмы ўвекавечвання памяці ахвяраў масавых рэпрэсіяў у часы сталінізму. Тое, што мы маем намер зрабіць – гэта першыя крокі да таго, каб прымусіць улады хаця б зірнуць у гэты бок. Калі яны сядуць з намі за стол перамоваў і мы пачнем размаўляць пра тое, што хочам мы, што могуць зрабіць улады, як гэта сумесна ажыццявіць – тады можна будзе казаць, што працэс пайшоў. Магчыма, што грошы на той жа мемарыял мы збярэм грамадой праз краўндфандынг, але патрэбная прынцыповая згода ўладаў і хаця б, на пачатак, выключэнне месцаў, дзе знаходзяцца яміны з чалавечымі косткамі, з зоны забудовы», – гаворыць Ларыса Шчыракова.

Спявае Вячаслаў КІЗІН

Актывісты Гомеля, якія распачалі кампанію ўвекавечвання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў разлічваюць, што да яе далучацца і актывісты з іншых гарадоў вобласці, дзе, хутчэй за ўсё, таксама ёсць месцы масавага знішчэння людзей у часы камуністычнага тэрору. Электронную ж петыцыю са зваротам да ўладаў Гомеля можна падпісаць тут.

Фота: аўтара і Анатоля Гатоўчыца.