"Светлагорскіх партызан" абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве

Жорж Кунцэвіч 29.06.2022

>

Завяршылася следства па справе "светлагорскіх партызан", якіх абвінавачваюць паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса "акт тэрарызму" за падпал рэлейнай шафы на беларускай чыгунцы. На гэтым тыдні справу перададуць у пракуратуру з далейшым накіраваннем у суд.

Абвінавачанне прад’яўленае траім жыхарам Светлагорска – Дзмітрыю РавічуДзянісу Дзікуну і Алегу Малчанаву.

4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя Дзмітрый і Наталля Равіч (муж і жонка), брат Наталлі Дзяніс Дзікун, ягоная дзяўчына Аліса Малчанава і яе бацька Алег Малчанаў. Алісу і Наталлю праз некалькі дзён адпусцілі.

Нагадаем, 28 лютага 2022 года на чыгуначнай станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" быў здзейснены падпал рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан. Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Гэта магло прывесці да зрываў графіку руху расейскіх цягнікоў з тэхнікай і зброяй.

Па інфармацыі Следчага камітэта, 29-гадовы жыхар Светлагорска ў лютым бягучага года ініцыятыўна ўступіў у экстрэмісцкія фарміраванні "BYPOL"/мабілізацыйны план "Перамога".

Мужчына таксама прапанаваў уступіць у злачынную супольнасць сваім сябрам. На прапанову пагадзіліся двое мужчын (33 і 51 год).

Яны ноччу з 28 лютага на 1 сакавіка падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем, якая з'яўляецца сродкам сігналізацыі і забяспечвае бяспечны праход пешаходаў і праезд транспартных сродкаў, што выклікала рызыка наступлення катастрафічных наступстваў.

“На справу" мужчыны паехалі на аўтамабілі 51-гадовага ўдзельніка злачыннай групы. Каб не прыцягваць да сабе ўвагі, іншамарку пакінулі ў бліжэйшай вёсцы. Кіроўца таксама для падстрахоўкі застаўся там. Да месца падпалу маладыя людзі пайшлі пешшу.

Следствам устаноўлена, што дзеянні фігурантаў, у тым ліку, па аказанні дапамогі замежнай арганізацыі ў прычыненні шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь –  ёсць здрада дзяржаве.

Па выніках расследавання мужчынам прад'яўленыя абвінавачванні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:

арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні);

арт. 289 (акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, якія ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў);

ч. ч. 2,4 ст. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць шляхоў паведамленні, які пацягнуў цяжкія наступствы, а таксама стварыў пагрозу крушэння, аварыі і гібелі людзей);

арт. 356 (Здрада дзяржаве).

Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. На маёмасць абвінавачаных накладзены арышт на агульную суму больш за 57 тысяч рублёў.