Кіберзлачыннасць: некалькі рэчычан за тыдзень пазбавіліся грошай на сваіх картках

Юрый Іваненка 14.08.2023

>

Адразу некалькі рэчычан пазбавіліся сваіх зберажэнняў на банкаўскіх картках. Жыхары райцэнтра паспрабавалі праз свой банк аплаціць камунальныя слугі, але ў выніку замест банкаў трапілі на фішынгавыя сайты.

Так, адзін немалады рэчычанін ўвёў у пошукавіку назву свайго банка, затым усе адпаведныя рэквізіты, і код бяспекі, які прыйшоў па СМС.

Але ў выніку з яго карткі знікла больш за 4000 рублёў. Як аказалася, мужчына трапіў на фішынгавую спасылку.

На мінулым тыдні ў раёне было зарэгістравана каля дзясятка падобных выпадкаў. А за апошнія паўгода мясцовыя праваахоўныя органы зарэгістравалі 58 злачынстваў, якія маюць прамое дачыненне да кіберзлачыннасці.

Пяць з іх аднесеныя да "цяжкіх", бо шкода ад іх склала 9250 рублёў, ці ж больш за 250 базавых адзінак.

Таксама было зарэгістраваныя сем крымінальных спраў аб узломах у сацсетках асабістых старонак грамадзян, і чатыры крымінальныя справы ў дачыненні да тых, хто афармляў на сваё імя нумары тэлефонаў і банкаўскія карты мясцовых жыхароў для перадачы іх за мяжу, і наступнага махлярства ў дачыненні да гэтых грамадзян.

Самым жа распаўсюджаным злачынствам сталі крадзяжы з банкаўскіх карт грамадзян: зарэгістраваны 41 такі выпадак.

У далейшым, каб не стаць ахвярай махляроў, ня варта аплачваць паслугі праз сайт, а выкарыстоўваць для гэтага мабільнае прыкладанне банка.

Калі ж прыкладанне часова недаступна, трэба праверыць, што паказана ў пошукавым радку - там абавязкова павінна быць указана даменная зона BY, і адсутнічаць лішнія сімвалы.