Влогер з Калінкавічаў абскарджвае свой прысуд
Палеская Вясна
24.12.2019
У гомельскім абласным судзе распачаўся разгляд апеляцыйнай скаргі відэаблогера з Калінкавічаў, якога суд Мазырскага раёна 19 верасня асудзіў на 4 гады калоніі за махлярства.
Віталю Манько ставілі ў віну, што ён, нібыта, шляхам падману, ці злоўжываннем даверу завалодаў грашовымі сродкамі грамадзянаў. Усяго па справе праходзяць трое пацярпелых. Пасля абвяшчэння прысуду мазырскім раённым судом, сваякі Віталя Манько кампенсавалі пацярпелым маральную і матэрыяльную шкоду каля 5 тыс. рублёў.
Адвакат Віталя Манько прадставіў наступныя довады абласному суду:
- - яго падабаронны кампенсаваў матэрыяльную шкоды пацярпелым у поўным аб’ёме і адседзеў чвэрць тэрміну, таму можа разлічваць на выкарыстанне амністыі ў дачыненні да яго;
- - раённы суд не ўлічыў змякчальных абставінаў у справе влогера, у той час як ён мае на ўтрыманні 6 непаўнагадовых дзяцей і з’яўляўся адзіным кармільцам у сям’і. Мае станоўчыя характарыстыкі, сталую працу і месца жыхарства. Вырак вельмі суворы;
- - дзеянні Віталя Манько няправільна кваліфікаваны судом, а пацярпелыя яго абгаварылі;
- - папярэдняе следства праводзілася з парушэннем заканадаўства. 13 чэрвеня следства абвінаваціла яго ў тым, што ён у складзе арганізаванай групы прычыніў шкоду пацярпелым, але не быў пазначаны памер шкоды;
- - на думку мазырскага суду, Манько злоўжываў даверам шляхам падману, але гэта не было даказана судом першай інстанцыі
- - пацярпелыя цягам трох гадоў з дня, нібыта, падману з боку Манько ні разу не звярнуліся ў міліцыю па разбіральніцтва.
На першым плане сын Віталя Манько - Мацвей
На судзе прысутнічалі двое пацярпелых, якія паведамілі, што яны не правяралі свае банкаўскія рахункі і не могуць дакладна сказаць, ці атрымалі яны кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды. Яны пацвердзілі суду, што ў 2016 годзе ўкладалі свае грошы ў арганізацыю «Элеўрус» з мэтай атрымліваць працэнты з укладанняў, а таксама інвеставалі свае грошы ў набыццё фільтраў для вады, якія яны меліся выгадна перапрадаць. Але прыбытак ніхто з іх не атрымаў. Гэта і стала падставай для звароту ў міліцыю і ўзбуджэння крымінальнай справы.
Нагадаем, што Віталь Манько апроч прадпрымальніцкай і грамадскай дзейнасці, актыўна займаўся влогінгам, рабіў відэасюжэты пра парушэнні правоў грамадзянаў, крытыкаваў мясцовую ўладу і міліцыю, аказваў юрыдычную дапамогу.
Гомельская вясна