У Мінску вызвалілі фермера з-пад Мазыра Аляксандра Вянгуру і аўтара каналу «Мозырь для жизни» Аляксандра Цуканава

Палеская Вясна 20.06.2020

Як стала вядома праваабаронцам ПЦ «Вясна», з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна, вызвалілі фермера з вёскі Прудок Мазырскага раёна Аляксандра Вянгуру і аўтара YouTube-каналу «Мозырь для жизни» Аляксандра Цуканава.


Аляксандр ВЯНГУРА

Раніцай пра вызваленне Аляксандра Вянгуры ягоная жонка Ірына паведаміла кіраўніку мазырскай філіі ПЦ «Вясна» Уладзіміру Целепуну. Ён звязаўся з праваабаронцамі з Мінску, якія павінны былі дапамагчы Аляксандру дабрацца да Мазыра.


Аляксандр ЦУКАНАЎ

Спачатку кантакт з Вянгурам падтрымліваў юрыст ПЦ «Вясна» Алег Пашкевіч. Але потым сувязь з Вянгурам знікла. Пазней ён зноў стэлефанаваўся з юрыстам ПЦ «Вясна» і паведаміў, што на волі разам з Аляксандрам Цуканавым. Сябар брата Цуканава забраў іх на аўтамабіле.

Пра лёс яшчэ аднаго мазырчука – Дзяніса Коласа, затрыманага пасля ператрусаў на сядзібе фермера Вянгуры і ў кватэры ягонай маці, пакуль нічога не вядома.