Лукашэнка прывёз Пуціну «Пацалункі падарункі». Нічога не падпісаўшы, кіраўнікі дзяржаваў раз’ехаліся з Сочы
Палеская Вясна
08.12.2019
Чаканага многімі ў Расіі пагаднення аб паглыбленай інтэграцыі Беларусі з Расіяй, супраць якой пратэстуюць беларусы, на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна не падпісалі.
Прэзідэнты гутарылі больш за пяць гадзін, але раз’ехаліся з рэзідэнцыі Пуціна Бачараў Ручэй без падпісання якіх-небудзь дакументаў і без заяваў для прэсы.
Пазней пра вынікі перамоваў журналістам распавёў кіраўнік Мінэканомразвіцця Расіі Максім Арэшкін. Ён сказаў, што дэлегацыі плённа папрацавалі і атрымалі ўказанні на далейшую працу. Яшчэ адна сустрэча Лукашэнкі і Пуціна намечаная на 20 снежня.
Тэлеграм-канал «Пул первого» змясціў фота падарунка, які Лукашэнка падараваў Пуціну. У ім – розныя кілбасы, сала, гарчыца, хрэн, нешта ў пляшцы, цукеркі, шакаладкі, а таксама набор журавінаў у цукровай пудры з назваю «Пацалункі падарункі».
Гэты ж тэлеграм-канал, які, як лічыцца, звязаны з прэс-службай Лукашэнкі, паведаміў пра акцыю пратэсту, якая прайшла 7 снежня ў Мінску супраць інтэграцыі з Расіяй, што «У Мінску ж ужо днём беларусы сабраліся, каб падтрымаць Аляксандру Лукашэнку на перамовах з Уладзімірам Пуціным».