Вынікі назірання за парламентскімі выбарамі ў спецвыпуску «Народнай Волі» распаўсюдзілі на Палессі
Палеская Вясна
29.11.2019
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая ажыццяўляла назіранне за падрыхтоўкай і ажыццяўленнем выбараў у Палату прадстаўнікоў сёмага склікання, падрыхтавала ў выніку назірання аналітычную справаздачу, а таксама сабрала найбольш цікавыя і характэрныя моманты выбарчай кампаніі, якія добра характарызуюць яе, у спецыяльным выпуску газеты «Народная Воля». На гэтым тыдні актывісты і валанцёры Праваабарончага цэнтру «Вясна» распаўсюдзілі выданне ў райцэнтрах палескага рэгіёну.
У Светлагорску газеты раздавалі ў чатырох найбольш шматлюдных пунктах горада. Многія людзі з цікавасцю бралі газету. Але былі і выпадкі адмовы.
«Здзівіў дыялог валанцёра з дзяўчынай: "Вазьміце, пачытайце "Народную Волю". "Не трэба", - коратка адрэзала дзяўчына. "Што, - пытаецца валантэр, - волі не хочаш"? "Не!", - адказала тая. Сумна, калі моладзь так рэагуе», – распавяла праваабаронца Алена Маслюкова.
Давялося пачуць пытанні, кшталту, «А ў мяне праблемаў з-за такой газеты не будзе?» і кіраўніку філіі ПЦ «Вясна» ў Мазыры Уладзіміру Целепуну. Ён разам з памочнікамі раздаваў асобнікі газеты з бесстароннай інфармацыяй пра выбары каля двух асноўных мазырскіх рынкаў.
«Людзі з аднаго боку асцерагаюцца, але з іншага самі просяць даць ім газету. Яны адчуваюць, што тое, што паказваюць па афіцыйным тэлебачанні і друкуюць у дзяржаўных газетах не выклікае даверу. І важна, каб як маа болей людзей разумелі тое, як адбываюцца ў нас так званыя выбары. Я сам быў назіральнікам і пры акруговай выбарчай камісіі, і непасрэдна на ўчастку. Напісаў у камісіі розных узроўняў некалькі скаргаў паводле фактаў парушэнняў выбарчага заканадаўства, але камісіі не прызналі аніводную. А пракуратура Мазырскага раёна, куды я паскардзіўся ў выніку, не стала рабіць сваю справу і пераслала мае скаргі зноў такі ў выбарчыя камісіі. Дамагчыся праўды немагчыма», – распавёў праваабаронца.
Рэчыцкія актывісты гэтым разам праэксперыментавалі і раздалі незалежную газету ў рэгіянальным цягніку «Гомель – Калінкавічы», які мінае адразу тры адміністрацыйныя раёны. Такім чынам незаангажаваная інфармацыя распаўсюдзілася сярод геаграфічна больш шырокай аўдыторыі.