Валерый Цэпкала распавёў за што яго звольніў Лукашэнка (ВІДЭА)
Андрусь ГАЁВЫ
30.05.2020
На выбарчым пікеце ў
Светлагорску выбаршчыкі пацікавіліся ў прэтэнтэнда на кандыдата ў прэзідэнты
Валерыя Цэпкалы, за што ж яго звольніў Лукашэнка. Цэпкала распавёў сваю версію.
«Ён мяне звольніў за тое, што я выступіў супраць пасадкі бізнесменаў. Я
выступіў спачатку, калі пасадзілі Пракапеню, потым, калі сем чалавек з IBA пасадзілі. Я лічу, што бізнесменаў, калі нават яны ў нечым і не маюць
рацыі, нельга саджаць. Увогуле людзей нельга за эканамічныя рэчы саджаць. Яны ж
тут знаходзяцца. У іх тут ёсць актывы. Калі гэта бізнес, ён жа не ўцячэ нікуды.
Ну куды ён уцячэ? Вось ён пабудаваў будынак. Ну куды ён уцячэ? Ну прыйшлі да
го, сказалі, што ты там нешта не даплаціў. Ну даплаціў. Ну заплаціў нейкі штраф
там. Ну заплаціў пяню. Ну ёсць нармальныя цывілізаваныя спосабы вырашэння
пытанняў. А што гэта за спосаб – адразу за шкірку, і ў турму?! Я выступіў
супраць гэтага. У мяне быў канфлікт з генеральным пракурорам, са Следчым
камітэтам. Я сказаў, што гэта не правільна, што гэта не цывілізавана, што нам
трэба, усё ж, рабіцца нармальнай краінай у гэтым плане. І ўсё. Гэта было
апублікавана ў газеце “Беларусь сегодня”, можаце пабачыць там маё інтэрв’ю, дзе я выступіў
супраць гэтага. Значыць, спачатку мяне звольніў, а потым галоўнага рэдактара
газеты “Беларусь
сегодня”», –
сказаў Валерый Цэпкала.
На відэа, якое на перадвыбарчым пікеце ініцыятыўнай групы
Валерыя Цэпкалы ў Светлагорску зняла назіральніца ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алена Маслюкова, бачна, што прэтэндэнт
на кандыдацтва Валерый Цэпкала выказаў таксама сваё стаўленне да затрымання вядомага
відэаблогера, аўтара YouTube-каналу «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага – кіраўніка ініцыятыўнай
групы сваёй жонкі прэтэндэнткі – Святланы Ціханоўскай. Цэпкала сказаў, што не
бачыў відэа затрымання, але гэта не правільна.
29
траўня, выступаючы на Мінскім трактарным заводзе, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра аднаго з прэтэндэнтаў на
кандыдата ў прэзідэнты, відавочна Валерыя Цэпкалу, які раней працаваў
памочнікам Лукашэнкі.
«Я ўвогуле вось людзей, якія вылучыліся, практычна не ведаю, за выключэннем
свайго былога памочніка. Ён, праўда, хітруе. Ён не кажа, чаму яго прэзідэнт
звольніў. Ну гэта вы ў яго спытаеце. Чаму я яго звольніў. Хай шчыра распавядзе.
І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба – скажам.
Але мы не хочам займацца гэтым кампраматам», – сказаў Лукашэнка.
Фота: TUT.BY